Папа ўстанавіў дзень ушанавання памяці мясцовых святых
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“На працягу літургічнага года Касцёл публічна ўшаноўвае, у вызначаныя даты і спосабы, святых і благаслаўлёных. Аднак, мне здаецца важным, каб усе мясцовыя Касцёлы ўспаміналі ў адзін дзень святых і благаслаўлёных, а таксама Слугаў Божых сваіх тэрыторый”, - напісаў Папа ў лісце, які быў абнародаваны 16 лістапада 2024 года. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)
“Гаворка ідзе не пра ўвядзенне новага ўспаміну ў літургічны каляндар, а пра тое, каб спрыяць адпаведным ініцыятывам па-за літургіяй, альбо нагадваць падчас яе, напрыклад, у гаміліі ці ў іншы адпаведны момант, пра тыя постаці, якія характарызуюць мясцовы хрысціянскі шлях і духоўнасць”, - патлумачыў Пантыфік, заклікаючы “мясцовыя Касцёлы, пачынаючы з Юбілею 2025 года, успамінаць і ўшаноўваць гэтыя постаці святасці штогод 9 лістапада, у свята гадавіны пасвячэння Латэранскай базілікі”.
“Гэта дазволіць паасобным дыяцэзіяльным супольнасцям нанава адкрыць ці захаваць памяць пра выбітных вучняў Хрыста, якія пакінулі жывы след прысутнасці ўваскрослага Пана і да сёння з’яўляюцца надзейнымі праваднікамі на агульным шляху да Бога, абараняючы і падтрымліваючы нас”, - падкрэсліў Святы Айцец, адзначаючы, што душпастырскія ўказанні і кіруючыя прынцыпы для гэтай мэты могуць быць распрацаваны і прапанаваны Канферэнцыямі Біскупаў.
У сваім лісце Папа заўважыў, што ў Апостальскай адгартацыі Gaudete et exsultate хацеў нагадаць пра ўсеагульны заклік да святасці, які адпавядае таксама словам Другога Ватыканскага Сабора пра тое, што “ўсе хрысціяне любога стану і прафесіі пакліканы да паўнаты хрысціянскага жыцця і дасканалай любові” (Lumen gentium, 40).
“Кожны можа пазнаць у многіх людзях, якіх сустрэў на сваім шляху, сведкаў хрысціянскіх цнотаў, асабліва веры, надзеі і любові: сужонкаў, якія верна пражылі сваю любоў, адкрываючыся жыццю; мужчын і жанчын, якія праз розныя віды працоўнай дзейнасці падтрымлівалі свае сем’і і садзейнічалі пашырэнню Божага Валадарства; падлеткаў і моладзь, якія з энтузіязмам ішлі за Езусам; пастыраў, якія праз служэнне вылівалі дары ласкі на святы Божы народ; манахаў і манахінь, якія, жывучы паводле евангельскіх парад, былі жывым вобразам Хрыста-Жаніха. Мы не можам забыць пра ўбогіх, хворых, пакутуючых, якія ў сваёй слабасці знайшлі падтрымку ў Боскім Настаўніку. Гэта тая “штодзённая” святасць і святасць “па суседству”, якой заўсёды багаты Касцёл, распаўсюджаны па ўсім свеце”, - адзначыў Пантыфік.
Францішак падкрэсліў, што “мы пакліканы дазволіць натхніць сябе гэтымі ўзорамі святасці, сярод якіх вылучаюцца перш за ўсё мучанікі, што пралілі сваю кроў за Хрыста, і тыя, хто быў беатыфікаваны і кананізаваны, каб быць прыкладамі хрысціянскага жыцця і нашымі заступнікамі”.
“Падумаем таксама пра вялебных, мужчын і жанчын з прызнаным гераічным цнотамі, пра тых, хто ў асаблівых абставінах зрабіў са свайго жыцця ахвяру любові для Пана і братоў, а таксама пра Слугаў Божых, справы беатыфікацыі і кананізацыі якіх знаходзяцца ў працэсе. Гэтыя працэсы паказваюць, наколькі сведчанне святасці прысутнічае і ў наш час, калі як светачы ззяюць (пар. Флп 2,15) вялікія сведкі веры, што пакінулі след у досведзе мясцовых Касцёлаў і адначасова зрабілі плённай гісторыю. Усе яны – нашы сябры, спадарожнікі, якія дапамагаюць нам цалкам рэалізаваць хроснае пакліканне і паказваюць нам найпрыгажэйшае аблічча Касцёла, які святы і з’яўляецца Маці Святых”, - напісаў Пантыфік.