Францішак заклікае хрысціян і мусульман да дыялогу

20 верасня 2024 года, перад агульнай аўдыенцыяй, Папа сустрэўся з удзельнікамі XII Калёквіума Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу і Цэнтра міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу з Тэгерана.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак падкрэсліў, што сучасная сітуацыя ў свеце патрабуе ад вернікаў малітвы і дзеянняў дзеля дыялогу, згоды і міру. Ён выказаў задавальненне доўгатэрміновым супрацоўніцтвам паміж дзвюма структурамі, якое спрыяе культуры дыялогу.

Папа асабліва адзначыў ролю сям'і як першаснага месца выхавання, дзе дзеці вучацца слухаць, паважаць іншых і жыць разам. Ён падкрэсліў важную ролю старэйшага пакалення ў перадачы рэлігійных каштоўнасцей моладзі.

Святы Айцец таксама закрануў тэму міжрэлігійных шлюбаў, назваўшы іх прывілеяваным месцам для міжрэлігійнага дыялогу. Ён падкрэсліў, што сям'я патрабуе падтрымкі з боку дзяржавы, школы і рэлігійных супольнасцей для выканання сваёй выхаваўчай місіі.

На заканчэнне Францішак нагадаў пра важнасць абароны годнасці і правоў кожнага чалавека, супольнасці і народа, падкрэсліўшы, што рэлігійная свабода не абмяжоўваецца толькі культавай практыкай, але ўключае поўную свабоду ў сферы веравызнання.
 

20 лістапада 2024, 12:10