Папа: Касцёл павінен заставацца палявым шпіталем для патрабуючых

"Дзякую за тое, што вы тут," - такімі словамі Францішак распачаў сваё выступленне перад удзельнікамі Трэцяй сустрэчы Касцёл – палявы шпіталь (Iglesias Hospital de Campaña).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец падзякаваў удзельнікам сустрэчы за іх працу і адзначыў, што сёння Касцёл павінен выходзіць на пошукі людзей. "Мы павінны ўсведамляць, што ў Касцёл прыходзіць мала людзей. Мы павінны ісці і шукаць іх", - падкрэсліў ён, заўважыўшы, што часта ў парафіях з 200-250 тысяч жыхароў на нядзельную Імшу прыходзіць толькі каля тысячы вернікаў.

Папа заклікаў да сведчання праз прыняцце людзей, падкрэсліваючы, што гэта трэба рабіць больш праз жэсты, чым праз словы. Ён прывёў прыклады з Іспаніі і поўдня Італіі, дзе бедныя людзі абвяшчаюць Хрыста сярод мусульманскіх мігрантаў менавіта праз жэсты прыняцця і суправаджэння.

Паміж служэннем і верай няма перашкод

Асаблівую ўвагу Папа надаў пытанню міграцыі, адзначыўшы яе як адну з галоўных рэчаіснасцей нашага часу. "Дзякуй Богу, што прыязджаюць мігранты, бо ўзровень узросту, які мы маем, крыху скандальны. У Італіі сярэдні ўзрост – 46 гадоў. Не маюць дзяцей. Затое ўсе маюць сабачку ці котку. І мігранты прыязджаюць – яны ў нейкім сэнсе тыя дзеці, якіх мы не хочам мець", - сказаў Францішак.

Гаворачы пра выпраўленне няроўнасці, Святы Айцец звярнуў увагу на праблему эксплуатацыі дзяцей і занядбання старых людзей. Ён рэзка асудзіў выкарыстанне дзіцячай працы, прывёўшы прыклад збору чарніц, дзе выкарыстоўваюць галодных дзяцей. "Старыя людзі – крыніца мудрасці, і мы назіраем скандал, калі іх хаваюць у шафе дома састарэлых", - дадаў Папа.

Хрысціянская надзея большая за любую сітуацыю

Францішак таксама падкрэсліў важнасць сяўбы надзеі сярод бежанцаў і ахвяр вайны. Ён з болем адзначыў, што ўкраінскія дзеці, якія прыязджаюць як бежанцы, не ўсміхаюцца – вайна скрала ў іх усмешку. "Гэта нялёгка сказаць параненаму на вайне, але трэба казаць – хрысціянская надзея большая за любую сітуацыю, бо яна мае свой падмурак у Богу, а не ў чалавеку", - заўважыў ён.

На заканчэнне Святы Айцец падкрэсліў, што служэнне найбольш безабаронным – гэта заўсёды прывілея, бо ім належыць Валадарства Нябеснае. Ён заклікаў да служэння ўсіх, незалежна ад іх веравызнання: "Служыць, і служыць самым бедным. Сярод самых бедных ёсць Езус. Яны служаць Езусу, нават калі не вераць у Яго. Усе, усе, усе павінны быць уключаны ў служэнне, усе павінны быць уключаны ў абавязацельствы перад іншымі."

04 лістапада 2024, 11:45