Пантыфік заклікаў суддзяў абараняць сацыяльную справядлівасць
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Гэта дзяржава, а не рынак, стварае гармонію і гарантуе сацыяльную справядлівасць”, - падкрэсліў Францішак у лісце да ўругвайскіх суддзяў, нагадваючы ім пра неабходнасць “роўнага і справядлівага размеркавання рэсурсаў”, каб не было больш адкінутых і каб усе былі часткай эканамічнай і сацыяльнай сістэмы роўным і інтэграваным чынам.
Барацьба з беднасцю дзеля будучыні грамадства
Пантыфік заўважыў, што ніводнае грамадства не можа развівацца, калі яго члены пакутуюць ад беднасці. Ён заўважыў, што “тады толькі некаторыя будуць развівацца як асобы, але трэба задаць сабе пытанні: Якое гэта развіццё? Ці мае чалавек, які з’яўляецца часткай грамадства, пазначанага няроўнасцю і адчужэннем, добрую будучыню перад сабой?”.
Закон роўны для ўсіх
Францішак лічыць, што суддзі “могуць зрабіць шмат і шмат што трэба зрабіць”. Ён заклікаў адрасатаў паслання быць мужнымі, аб’яднацца і “не кіравацца нормамі, якія ўжо прывялі многія грамадства да няшчасця”. У сувязі з гэтым ён працытаваў словы ўругвайскага спевака і паэта Альфрэда Зітаросы: “Закон не павінен быць павуцінай, якая ловіць толькі малых, а магутных, якія праходзяць праз яе без цяжкасцяў, пакідае вольнымі”.
Не ачышчаць вуліцы ад бедных, а змагацца з беднасцю
Папа рашуча заклікаў не займацца “ачышчэннем вуліц ад бедных”, а змагацца за тое, каб беднасць была пераадолена. Ён падкрэсліў неабходнасць абароны “фундаментальных правоў кожнага чалавека”, удзелу суддзяў ў гэтым працэсе, выказваючы пажаданне, каб стварэнне ўругвайскага аддзялення Панамерыканскага камітэта суддзяў па сацыяльных правах і францішканскім вучэнні прынесла шмат плёнаў.
Суддзі на варце сацыяльнай справядлівасці
Панамерыканскае аб’яднанне суддзяў, якія спецыялізуюцца на абароне сацыяльных правоў чалавека, узнікла ў 2017 годзе у Аргенціне. У 2019 годзе яго члены сабраліся ў Ватыкане на канферэнцыі, прысвечанай сацыяльным правам і вучэнню Францішка. 18 жніўня 2023 года Папа афіцыйна надаў яму статус прыватнага міжнароднага аб’яднання вернікаў. У склад арганізацыі ўваходзяць работнікі сферы правасуддзя з Аргенціны, Чылі, Калумбіі, Перу, Бразіліі, Мексікі, ЗША і Парагваю, а цяпер яшчэ і Уругваю.