Святы Айцец: любоў робіць нашы харызмы дарам для ўсіх

Любоў памнажае харызмы – каштоўныя дары для ўсяго Касцёла, - нагадаў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 20 лістапада 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа заўважыў, што апошнія тры катэхезы былі прысвечаны асвячальнай дзейнасці Святога Духа, якая здзяйсняецца праз сакрамэнты, малітву і наследаванне прыкладу Багародзіцы. “Але давайце паслухаем, што кажа знакаміты тэкст Другога Ватыканскага Сабора: “Дух Святы праз сакрамэнты і паслугі не толькі асвячае, вядзе і аздабляе цнотамі Божы народ, але “ўдзяляе кожнаму паасобку, як жадае” (1 Кар 12, 11) свае дары” (Lumen gentium, 12)”, - нагадаў Пантыфік, заклікаючы паразмаўляць пра харызматычнае дзеянне Святога Духа ў Касцёле.

Харызмы – дары, прызначаныя для служэння супольнасці

На пачатку Папа зрабіў некаторыя тлумачэнні. Ён заўважыў, што харызма – гэта дар, дадзены для агульнага дабра: яна прызначана не для асвячэння асобнага чалавека, а для “служэння” супольнасці. Харызма таксама з’яўляецца дарам, дадзеным “аднаму” ці “некаторым”, а “не ўсім у роўнай ступені”, і менавіта гэтым яна адрозніваецца да асвячальнай ласкі, боскіх цнот і сакрамэнтаў, “якія з’яўляюцца аднолькавымі і агульнымі для ўсіх”.

Святы Дух “размяркоўвае сярод вернікаў кожнага стану асаблівыя ласкі, з дапамогай якіх робіць іх здатнымі і гатовымі здзейсніць розныя справы і абавязкі, карысныя для аднаўлення і далейшага будавання Касцёла паводле сказанага: “Кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць” (1 Кар 12, 7)”, - нагадаў Францішак.

Пантыфік назваў харызмы “каштоўнымі камяні” і “аздабленнямі”, якія Святы Дух раздае, “каб зрабіць прыгожай Нявесту Хрыста”. “Такім чынам, можна зразумець, чаму тэкст Сабора завяршаецца наступным заклікам: “Паколькі гэтыя харызмы – як найслаўнейшыя, так і самыя простыя і больш распаўсюджаныя – надзвычай адпавядаюць патрэбам Касцёла і з’яўляюцца карыснымі, іх трэба прымаць з удзячнасцю і суцяшэннем”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Харызмы свецкіх вернікаў важныя для місіі Касцёла

Папа спаслаўся таксама на словы Бэнэдыкта XVI, які казаў пра дынаміку абнаўлення ў Касцёле, якое пасля Другога Ватыканскага Сабора часта прымала нечаканыя формы ў рухах, поўных жыцця, і рабіла вельмі адчувальнай невычэрпную сілу Святога Касцёла.

Францішак заклікаў нанава адкрыць харызмы, успрымаючы прасоўванне ролі свецкіх і асабліва жанчын не толькі ў інстытуцыянальным ці сацыялагічным сэнсе, але ў яго “біблійным і духоўным вымярэнні”. “Свецкія вернікі – гэта не пэўнага роду знешнія супрацоўнікі ці дапаможныя падраздзяленні духавенства: яны маюць свае ўласныя харызмы і дары, з дапамогай якіх могуць зрабіць унёсак у місію Касцёла”, - падкрэсліў ён.

Не існуе хрысціян другога гатунку – усе маюць свае дары

Святы Айцец заўважыў, што “харызмы не павінны атаясамлівацца з уражальнымі і надзвычайнымі дарамі і здольнасцямі”: яны з’яўляюцца “звычайнымі дарамі, які набываюць надзвычайную каштоўнасць, калі натхняюцца Святым Духам і з любоўю ўвасабляюцца ў жыццёвых сітуацыях”.

“Гэта тлумачэнне вельмі важнае, бо многія хрысціяне, пачуўшы пра харызмы, адчуваюць смутак ці расчараванне, паколькі ўпэўнены, што не валодаюць імі, і ў сувязі з гэтым адчуваюць сябе адрынутымі ці хрысціянамі другога гатунку. Хрысціян другога гатунку не існуе, у кожнага ёсць свая асабістая, а таксама супольная харызма”, - сказаў Папа, нагадваючы словы святога Аўгусціна: “Хіба вока бачыць толькі для сябе? Яно бачыць і для рукі, бачыць і для нагі, бачыць і для іншых членаў”.

Любоў памнажае харызмы

Святы Айцец заўважыў, што любоў да Касцёла і супольнасці з’яўляецца “лепшым шляхам”, бо “ў адзінстве ўсе харызмы, а не толькі некаторыя, з’яўляюцца “маімі”, як і “мае” харызмы, нават калі яны здаюцца нязначнымі, належаць усім і прызначаны для дабра ўсіх”. “Любоў памнажае харызмы; яна робіць харызму аднаго харызмай усіх”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.
 

20 лістапада 2024, 11:09

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >