Францішак наведаў італьянскага палітыка Эму Баніна
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сярэдзіне кастрычніка з-за праблем з дыханнем 76-гадовай Эме Баніна спатрэбілася шпіталізацыя ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі. На мінулым тыдні яна вярнулася дамоў.
Нечаканы візіт Папы, які прыбыў да дому Баніна ў цэнтры Рыма на белым аўтамабілі Fiat 500L, выклікаў цікавасць мінакоў. Выйшаўшы з дому актывісткі, якой у мінулым дыягнаставалі пухліну, Францішак адказаў на пытанне аб стане яе здароўя. Па яго словах, яна адчувае сябе “выдатна”.
У мінулым Францішак і Эма Баніна ўжо сустракаліся некалькі разоў. Іх першая сустрэча адбылася 4 лістапада 2015 года, калі Баніна брала ўдзел у агульнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI у Ватыкане. Разам з іншымі вядомымі асобамі яна прадставіла новыя ініцыятывы дабрачыннага фонду Фабрыка міру ў падтрымку дзяцей-бежанцаў. Таксама яна сустракалася з Папам 8 лістапада 2016 года на прыватнай аўдыенцыі, падчас якой абмяркоўваліся тэмы міграцыйных патокаў, прыёму і інтэграцыі мігрантаў.
Пантыфік станоўча выказваўся пра дзейнасць Баніна на карысць мігрантаў. Падчас нефармальнай сустрэчы з тагачасным дырэктарам італьянскай газеты Corriere della Sera Лучана Фантана ў 2015 годзе Папа адзначыў яе ролю ў разуменні італьянцамі Афрыкі.