55 гадоў таму Францішак атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне

13 снежня 2024 года Святы Айцец адзначыў 55-ю гадавіну свайго святарскага пасвячэння, якое адбылося ў 1969 годзе. Доўгі духоўны шлях Хорхэ Марыё Бэрголіа распачаўся, калі яму было 17 гадоў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

21 верасня 1953 года падчас споведзі ў сваёй парафіі 17-гадовы аргенцінскі студэнт адчуў моцнае духоўнае пакліканне. Менавіта гэты момант стаў пераломным у яго жыцці. Гэта быў дзень літургічнага ўспаміну святога Мацвея – грэшніка і мытніка, якога Езус паклікаў стаць апосталам. У Аргенціне ў той дзень святкавалася студэнцкае свята, і перад тым, як адправіцца на ўрачыстасці, Хорхе Марыё зайшоў у касцёл і сустрэў там святара, з якім не быў знаёмы. Ён адчуў неабходнасць паспавядацца. "Я адчуў, што Нехта чакаў мяне. Ён доўга чакаў мяне. Пасля споведзі я адчуў, што нешта змянілася. Я не быў такім як раней. Я быццам пачуў голас, пакліканне: я быў перакананы, што павінен стаць святаром", - распавядаў пазней, у 2013 годзе, Папа.

У 21 год Бэрголіа паступіў у семінарыю і абраў Таварыства Езуса. 13 снежня 1969 года ў Буэнас-Айрэсе біскуп Рамон Хасэ Кастэлана пасвяціў яго ў святары.

Сваім біскупскім, а затым і папскім, дэвізам Францішак абраў словы Miserando atque eligendo (Злітаваўшыся, абраў яго) з казання сярэднявечнага прапаведніка Беды Вялебнага пра евангельскі эпізод паклікання святога Мацвея. Сам Папа не раз параўноўваў сваё пакліканне з біблейскай гісторыяй пра пакліканне мытніка, згадваючы знакаміты твор Караваджа Пакліканне святога Мацвея, які захоўваецца ў касцёле Сан-Луіджы-дэі-Фрэнчэзі ў Рыме.

"Пакліканне святога Мацвея", Караваджа
"Пакліканне святога Мацвея", Караваджа
14 снежня 2024, 10:38