Папа: тэалогія патрабуе сяброўства з Хрыстом і любові да людзей
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Калі думаю пра тэалогію, мне прыходзіць на думку святло,” - адзначыў Пантыфік падчас аўдыенцыі, якая прайшла 9 снежня 2024 года ў Ватыкане. Ён нагадаў, што святло, дзякуючы якому становіцца бачным усё, само застаецца нябачным: мы бачым толькі яго крыніцу.
“Так і тэалогія: яна робіць непрыкметную і сціплую працу, каб заззяла святло Хрыста і Яго Евангелля. Гэта назіранне ўказвае шлях, якім вы павінны ісці: шукаць Божую ласку і знаходзіцца ў ласцы сяброўства з Хрыстом, сапраўдным святлом, якое прыйшло ў гэты свет. Усякая тэалогія нараджаецца з сяброўства з Хрыстом і з любові да Яго братоў і сясцёр, а таксама да Яго свету – свету, драматычнага і цудоўнага адначасова, поўнага болю, але таксама і кранальнай прыгажосці”, - сказаў Святы Айцец.
Францішак заўважыў, што тэолагі пакліканы задумацца над тым, “ці можа тэалагічная спадчына мінулага сказаць нешта адносна сучасных выклікаў і дапамагчы нам уявіць будучыню.” У гэтым кантэксце ён асаблівым чынам адзначыў важнасць укладу жанчын. “Ёсць рэчы, якія толькі жанчыны могуць адчуць, і тэалогія патрабуе іх укладу”, - адзначыў Пантыфік.
Пераасэнсаваць лад мыслення
Папа пажадаў, каб тэалогія дапамагала пераасэнсаваць мысленне, бо яно фарміруе “нашыя пачуцці, нашу волю і нашы рашэнні.” На думку Святога Айца, на гэтым шляху ў першую чаргу трэба аздаравіць сучасны лад мыслення ад спрашчэнняў.
“Насамрэч, рэальнасць складаная, выклікі шматгранныя, гісторыя напоўнена прыгажосцю і адначасова паранена злом. Калі чалавек не можа ці не хоча зладзіць з драматызмам гэтай складанасці, ён лёгка схіляецца да спрашчэння. Але спрашчэнне знявечвае рэальнасць, стварае бясплодныя і аднабаковыя думкі, якія спараджаюць палярызацыю і фрагментацыю. Тое самае, напрыклад, робяць ідэалогіі. Ідэалогія – гэта спрашчэнне, якое забівае: яно забівае рэальнасць, мысленне і грамадства. Ідэалогіі зводзяць усё да адной ідэі, якую затым паўтараюць навязліва, інструменталізавана і павярхоўна”, - сцвердзіў Францішак.
Пантыфік адзначыў, што супрацьяддзямі ад спрашчэнняў з’яўляюцца міждысцыплінарнасць і трансдысцыплінарнасць, якія прадугледжваюць узаемадзеянне тэалогіі з рознымі дысцыплінамі: філасофіяй, літаратурай, мастацтвам, матэматыкай, фізікай, гісторыяй, правам, паліталогіяй і эканомікай.
Святы Айцец заўважыў, што навукі падобныя да органаў пачуццяў чалавека: усе яны асаблівыя, але маюць патрэбу ў іншых. “Спрыяючы пераасэнсаванню мыслення, тэалогія зноў заззяе так, як таго заслугоўвае, у Касцёле і культуры, дапамагаючы ўсім і кожнаму ў пошуку праўды”, - дадаў ён.
Тэалогія павінна быць даступнай усім
Папа заклікаў зрабіць тэалогію даступнай для ўсіх, нагадваючы, што ў многіх краінах свету расце цікавасць людзей да паглыблення сваёй фармацыі і веры, нават калі яны ўжо з’яўляюцца дарослымі і маюць адукацыю. “Гэты феномен, які пашыраецца, заслугоўвае ўвагі з боку грамадства і Касцёла”, - сказаў Пантыфік.
“Сярэдні ўзрост – асаблівы перыяд жыцця. Гэта час, калі чалавек, як правіла, набывае пэўную прафесійную бяспеку і эмацыйную ўстойлівасць, але ў той жа час няўдачы адчуваюцца больш балюча, узнікаюць новыя пытанні, а юнацкія мары разбураюцца. На гэтым этапе ўзнікае пачуццё пакінутасці, а душа часам закрываецца. Гэта крызіс сярэдняга ўзросту. І тады чалавек адчувае неабходнасць аднавіць пошук, магчыма, асцярожна, магчыма, дазваляючы ўзяць сябе за руку”, - сказаў Францішак, падкрэсліваючы, што тэалогія можа стаць спадарожніцай на гэтым шляху. У сувязі з гэтым Папа заклікаў зрабіць вывучэнне тэалогіі даступным для ўсіх.