Францішак на Імшы Божага Нараджэння: Юбілей – гэта час надзеі

Знайсці страчаную надзею, абнавіць яе ў сабе, каб потым несці яе свету, як пілігрымы святла ў цемры, - заклікаў Папа на урачыстай Імшы, якая прайшла ў базіліцы святога Пятра 24 снежня 2024 года, у вігілію Нараджэння Пана.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваёй гаміліі Святы Айцец нагадаў Добрую навіну, якую абвясціў Анёл Божы: “Я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан” (Лк 2, 10-11). “Бог стаў адным з нас, каб зрабіць нас падобнымі да Яго, Ён прыйшоў да нас, каб узняць нас і вярнуць у абдымкі Айца”, - сказаў Папа.

Бог стаў чалавекам. Бясконца вялікі стаў малым. Боскае святло заззяла ў цемры свету. Нябесная слава з'явілася на зямлі ў малечы Дзіцяці. Бог прыйшоў да нас, і значыць “надзея не памерла, надзея жывая і заўсёды агартае наша жыццё!” - заўважыў Святы Айцец.

Францішак нагадаў пра адкрыццё Святой Брамы і пачатак Юбілею. “Гэта ноч, калі Брама надзеі расчынілася перад светам. Гэта ноч, калі Бог кажа кожнаму: і для цябе ёсць надзея!” Бог заўсёды прабачае, - нагадаў Папа.

Каб прыняць гэты дар, мы пакліканы выправіцца ў шлях як бэтлеемскія пастухі. Евангелле кажа, што яны, пачуўшы анёла, "пайшлі, спяшаючыся" (Лк 2,16). Так і мы павінны знайсці страчаную надзею, абнавіць яе ў сабе, сеяць яе ў спусташэннях нашага часу і свету: спяшаючыся. “Не марудзіць, не запавольваць крок, а дазволіць Добрай навіне прыцягнуць сябе”, - заахвоціў Пантыфік.

“Хрысціянская надзея – гэта не шчаслівы канец фільма, якога трэба пасіўна чакаць: гэта абяцанне Пана, якое трэба прыняць тут і зараз, на гэтай зямлі, якая пакутуе і стогне”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы слухачоў не марудзіць, не затрымлівацца ў пасрэднасці і ляноце, стаць пілігрымамі ў пошуках праўды, нястомнымі летуценнікамі, якія мараць пра новы свет, дзе пануюць мір і справядлівасць.

Папа заклікаў браць прыклад з пастухоў: надзея, якая нараджаецца ў гэтую ноч, не церпіць абыякавасці і ляноты, не прымае фальшывай асцярожнасці таго, хто не рызыкуе, каб не скампраметаваць сябе, а таксама разлікаў таго, хто думае толькі пра сябе. Яна несумяшчальная са спакойным жыццём таго, хто не выказваецца супраць зла і несправядлівасці ў дачыненні да найбяднейшых. Наадварот, хрысціянская надзея, якая заклікае нас да цярплівага чакання Валадарства Божага, патрабуе ад нас смеласці, адказнасці і спачування, каб наблізіць у наш час гэтае абяцанне.

Францішак працытаваў святара і пісьменніка Алесандра Пранзата, які на Божае Нараджэнне прасіў у Пана “ўкласці ў душу жаданне чагосьці іншага”. Хрысціянская надзея – гэта менавіта "нешта іншае", што заклікае нас спяшацца. “Ад нас, вучняў Пана, патрабуецца знайсці ў Ім нашу найвялікшую надзею, каб потым спяшацца несці яе свету, як пілігрымы святла ў цемры”, - сказаў Папа.

“Юбілей – гэта час надзеі! Ён запрашае нас нанова адкрыць радасць сустрэчы з Панам, заклікае нас да духоўнага аднаўлення і пераўтварэння свету, каб гэты час стаў сапраўды юбілейным: для нашай маці Зямлі, пашкоджанай логікай прыбытку, для найбяднейшых краін, абцяжараных несправядлівымі даўгамі, для ўсіх тых, хто знаходзіцца ў палоне старога і новага рабства”, - сказаў Пантыфік.

Наш абавязак – несці надзею тым, хто яе страціў: у моманты здрады, у разбітых марах, у няўдачах, стомленасці, горкай адзіноце, пакутах, у доўгіх і пустых днях зняволеных, у цесных і халодных пакоях бедных, у месцах, зруйнаваных вайной і насіллем.

"Юбілей пачынаецца, каб кожны мог атрымаць надзею Евангелля – надзею любові і прабачэння", - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў слухачоў спытаць сябе, гледзячы на Дзіцятка Езуса ў яслях: "Ці ёсць у нашых сэрцах гэтае чаканне? Ці ёсць у нашых сэрцах гэтая надзея? [...] Сузіраючы Божую міласць, якая перамагае наш недавер і страхі, мы адкрываем для сябе таксама і веліч надзеі, якая нас чакае. [...] Няхай гэтае бачанне надзеі асвятляе наш штодзённы шлях", - пажадаў Францішак.

“Сястра, брат, у гэтую ноч Святая Брама Сэрца Пана адкрываецца для цябе. Езус, Бог, які стаў чалавекам, нараджаецца для цябе, для нас, для кожнага мужчыны і кожнай жанчыны. З Ім квітнее радасць, мяняецца жыццё, з Ім надзея не падманвае”, - заключыў Папа.

24 снежня 2024, 20:27