Нунцый у Сірыі: трэба прадухіляць канфлікты, а не збіраць іх аскепкі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дыпламатычны прадстаўнік Папы заўважыў у інтэрв’ю выданню Andkronos, што Каталіцкі Касцёл з’яўляецца “невялікай меншасцю ў Сірыі” і не мае дастатковых сіл, каб выконваць пасрэдніцкую ролю ў кантэксце Алепа, таксама таму, што за час вайны краіну пакінулі дзве трэці хрысціян.
Нунцый выказаў пажаданне, каб баявыя сутыкненні не закраналі грамадзянскае насельніцтва. “Гэтыя паўстанцы запэўнілі, што не будуць кранаць мірных жыхароў, і пакуль так і ёсць. Яны далі інструкцыі заставацца ў дамах. Але відавочна, што тым ці іншым чынам людзі адчуюць гэту сітуацыю”, - сказаў іерарх, прыводзячы прыклад дзясяткаў тысяч чалавек, якія пакінулі Алепа пасля пачатку сутыкненняў.
Кардынал Дзэнары звярнуў увагу на тое, што міжнародная супольнасць заўсёды дзейнічае са спазненнем, але павінна рабіць нашмат больш, каб прадухіляць канфлікты. Іерарх падкрэсліў, што войны ў Святой Зямлі і ва Украіне можна было прадбачыць. “Міжнародная супольнасць павінна дзейнічаць раней, прадухіляючы канфлікты, а не збіраючы аскепкі потым”, - падкрэсліў прадстаўнік Святога Айца.
Іерарх заўважыў, што пасля шаснаццаці гадоў вайны сірыйцы больш не маюць надзеі і спадзяюцца выключна на тое, што змогуць пакінуць сваю краіну і дасягнуць Еўропы. Ён адзначыў, што новая хваля міграцыі на еўрапейскі кантынент будзе адчувацца ўжо ў бліжэйшы час у сувязі з захопам Алепа.
1 снежня 2024 года, падчас бамбардзіроўкі Алепа, другога па велічыні горада ў Сірыі, захопленага джыхадзістамі, расійская бомба трапіла ў каталіцкі каледж Terra Sancta, які дзейнічае пры мясцовым францішканскім кляштары. Кустод Святой Зямлі, айцец Франчэска Патан, паведаміў ватыканскім СМІ, што, на шчасце, абышлося без ахвяр, але будынку былі нанесены значныя пашкоджанні.
“З нашымі братамі і парафіянамі ўсё ў парадку. Курыя знаходзіцца ў пастаянным кантакце з імі. Пакуль што прыходзяць паведамленні пра рост напружанасці і страх грамадзянскага насельніцтва Алепа ў сувязі з непрадказальным развіццём падзей і трываючым супрацьстаяннем”, - дадаў айцец Патан.