Пошук

Францішак прыняў на аўдыенцыі прэзідэнта Славакіі

9 снежня 2024 года прэзідэнт Славакіі Петэр Пелегрыні наведаў Ватыкан. У ходзе візіту абмяркоўваліся розныя міжнародныя пытанні, у тым ліку сітуацыя ва Украіне і на Блізкім Усходзе.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сустрэча Папы Францішка з прэзідэнтам Славацкай Рэспублікі доўжылася 25 хвілін. Пасля яе Пелегрыні правёў перамовы з кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

“Падчас сардэчнай сустрэчы ў Дзяржаўным сакратарыяце былі згаданыя моцныя двухбаковыя адносіны, падкрэслены ўклад Касцёла ў славацкае грамадства. Бакі абмеркавалі міжнародны кантэкст, надаўшы асаблівую ўвагу канфліктам ва Украіне і на Блізкім Усходзе”, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Падчас сустрэчы славацкага лідара з Папам адбыўся традыцыйны абмен падарункамі. Святы Айцец падарыў прэзідэнту бронзавую скульптуру пад назвай Сацыяльная любоў, а таксама некалькі выданняў сваіх дакументаў, у тым ліку сёлетняе пасланне на Сусветны дзень міру. Пітэр Пелегрыні, у сваю чаргу, уручыў Францішку трохмерную карціну, зробленую славацкім мастаком Юраем Кралікам.
 

09 снежня 2024, 11:50