Пантыфік супрацоўнікам Ватыкана: вы дапамагаеце весці свет да Хрыста
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец падзякаваў сваім гасцям за служэнне Дзяржаве Ватыкан і Паўсюднаму Касцёлу, а таксама падзяліўся з імі некаторымі думкамі на тэму працы і сям’і.
“Праходзячы па вуліцах і дворыках Ватыкана, па калідорах і офісах розных дыкастэрый, а таксама па іншых месцах служэння, узнікае адчуванне, што знаходзішся ў вялікім пчаліным вуллі. І нават цяпер ёсць тыя, хто працуе, каб зрабіць гэту сустрэчу магчымай: давайце скажам ім дзякуй”, - заахвоціў Святы Айцец.
Пантыфік звярнуў увагу на прыгажосць простай працы, якая робіцца дзеля дабра ўсіх. Ён заўважыў, што прыклад такога служэння паказаў сам Езус, які з любові да нас пакорна стаў вучнем цесляра ў школе Юзафа, дзе падчас непрыкметнай працы ўжо стваралася збаўленне свету.
“Тое самае, у аналагічным сэнсе, датычыцца і вас, якія сваёй штодзённай працай, у нябачных “Назарэтах” вашых канкрэтных абавязкаў, спрыяеце прывядзенню ўсяго чалавецтва да Хрыста і распаўсюджванню Яго Валадарства ва ўсім свеце. Праца, якую вы выконваеце – каштоўная!”, - запэўніў Папа.
Францішак нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ пра тое, што сям’я з’яўляецца быццам калыскай Касцёла. “І гэта сапраўды так: бо, заснаваная і ўкаранёная на сужэнстве, яна з’яўляецца месцам, дзе зараджаецца жыццё. Як важна сёння прымаць жыццё!”, - падкрэсліў Пантыфік.
Святы Айцец заўважыў, што сям’я – гэта першая супольнасць, дзе з самага дзяцінства злучаюцца вера, Божае слова і сакрамэнты, дзе мы вучымся клапаціцца адзін пра аднаго і расці разам у любові, у любым узросце.
“Таму я заклікаю вас – бацькоў, дзяцей, бабуль, дзядуляў і ўнукаў – заўсёды заставацца з’яднанымі, блізкімі адзін да аднаго і да Пана: у павазе, слуханні, клопаце адзін пра аднаго, а таксама ў супольнай малітве, бо без малітвы вы не зможаце ісці наперад, нават як сям’я”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы знаходзіць час для сямейнай малітвы ля каляднай стаенкі, каб падзякаваць Богу за Яго дары, папрасіць Яго аб дапамозе на будучыню і абнавіць сваю любоў адзін да аднаго перад Дзіцяткам Езусам.