Папа сустрэўся з валанцёрамі, якія дапамагаюць анкахворым

Францішак сустрэўся 14 снежня 2024 года з прадстаўнікамі Італьянскай асацыяцыі супраць лейкеміі, якая адзначае сваё 55-годдзе. Пантыфік падкрэсліў важнасць салідарнасці і блізкасці да хворых.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас аўдыенцыі Папа падзякаваў валанцёрам за іх працу ў фінансаванні даследаванняў па лячэнні лейкеміі, лімфомы і міеломы, а таксама за развіццё спецыялізаваных цэнтраў і дапамогу пацыентам і іх сем'ям.

Святы Айцец падкрэсліў, што на сацыяльным узроўні хвароба часта ўспрымаецца як паражэнне, нешта, што трэба схаваць ці ліквідаваць. Хворых адкідваюць у імя эфектыўнасці, пакуты адсоўваюцца на ўзбочыну, бо яны выклікаюць страх і перашкаджаюць планам.

Францішак заклікаў паставіць у цэнтр увагі хворага чалавека з яго гісторыяй і адносінамі. Ён падкрэсліў важнасць надзеі нават у самых складаных сітуацыях, калі патрэбны нехта, хто прынясе святло надзеі праз сяброўства, блізкасць і ўменне выслухаць.

Пантыфік адзначыў каштоўнасць прысутнасці валанцёраў на плошчах, іх здольнасць быць бачным знакам падтрымкі для тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Ён падзякаваў ім за ўнёсак у навуковыя даследаванні і за падтрымку італьянскай медыцынскай традыцыі.
 

14 снежня 2024, 11:04