Папа да Касцёла ў Нікарагуа: давяраць Богу нават у цяжкасцях
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Я ўжо даўно хацеў напісаць вам пастырскі ліст, каб яшчэ раз пацвердзіць маю любоў да нікарагуанскага народа, які заўсёды вылучаўся надзвычайнай любоўю да Бога”, - прызнаўся Пантыфік, запэўніваючы адрасатаў паслання ў сваёй духоўнай блізкасці, асабліва ў гэтыя дні Навэнны да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
“Не забывайце пра любячы Божы Провід, які суправаджае нас і з’яўляецца адзіным верным правадыром. Менавіта ў самыя складаныя моманты, калі па-чалавечы немагчыма зразумець, чаго хоча ад нас Бог, мы пакліканы не сумнявацца ў Яго клопаце і міласэрнасці. Сыноўскі давер да Яго, а таксама вернасць Касцёлу – гэта два вялікія маякі, якія асвятляюць ваша жыццё”, - нагадаў Францішак.
Святы Айцец адзначыў, што “вера і надзея чыняць цуды”, а прыкладам гэтага з’яўляецца Беззаганная Панна, “ззяючая сведка такога даверу”. “Вы заўсёды адчувалі Яе мацярынскую апеку ва ўсіх вашых патрэбах і выражалі вашу ўдзячнасць у вельмі прыгожай і духоўна багатай рэлігійнасці”, - дадаў Пантыфік.
Папа пажадаў, каб урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая адбудзецца напярэдадні адкрыцця Юбілею 2025 года, дала ўсім вернікам краіны падтрымку, у якой яны маюць патрэбу ў цяжкасцях, няпэўнасці і працы.
Францішак параіў маліцца Ружанец, каб кожны дзень разважаць пра таямніцы жыцця Езуса і Марыі. “Як часта мы ўключаем у таямніцы Ружанца нашае ўласнае жыццё, з яго момантамі радасці, смутку, святла і славы. Падчас малітвы Ружанца гэтыя таямніцы пранікаюць у глыбіню нашых сэрцаў, дзе захоўваецца свабода дачок і сыноў Божых, якую ніхто не можа ў нас адабраць. Колькі ласкаў мы атрымліваем праз Ружанец, гэтую магутную малітву”, - сцвердзіў Папа, завяршаючы ліст малітвай, напісанай для Юбілейнага года, словамі якой папрасіў аб міры і ўсіх ласках, у якіх маем патрэбу.