Папа: евангелізацыі патрэбна мова добрых учынкаў, зразумелая ўсім

Пра важнасць клопату пра людзей у патрэбе для евангелізацыі нагадаў Папа 5 снежня 2024 года падчас аўдыенцыі для дэлегацыі аддзялення Caritas з іспанскай дыяцэзіі Таледа, якое верна служыць самым бедным ужо на працягу шасцідзесяці гадоў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак падкрэсліў, што дзейнасць арганізацыі выйшла далёка за межы аказання дапамогі людзям, бо яна прыняла “выклік быць рухавіком змен у грамадстве праз распаўсюджанне духу міласэрнай любові і справядлівасці, каб абудзіць у кожным чалавеку добрай волі больш братэрскую свядомасць”.

“Такім чынам, вы не толькі служыце прыкладам грамадзянскай адказнасці і філантропіі, але і становіцеся інструментамі евангелізацыі праз паўсюдную мову добрых учынкаў, мову, якая зразумелая ўсім і якая пішацца праз сведчанне і намаганні ўсіх членаў Caritas, што працуюць у духу Езуса Хрыста і Яго Евангелля”, - дадаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што гэта высокая мэта “дасягаецца праз карпатлівую працу кожнага з адказных за сацыяльна-дабрачынную дзейнасць, абапіраючыся на чалавечую і духоўную фармацыю, якая дазваляе ўпэўнена супрацьстаяць зменлівым сацыяльным праблемам у святле сацыяльнага вучэння Касцёла”. Ён заахвоціў сваіх гасцей таксама не забываць пра дух супрацоўніцтва і сінадальнасці з усімі душпастырскімі структурамі, якія складаюць дыяцэзіяльны Касцёл.

“Дарагія браты і сёстры, я заклікаю вас працягваць гэтыя намаганні, пастаянна вучыцца ў Хрыста праз жывую кнігу малітвы, чытанне Яго Слова, прыняцце сакрамэнтаў, уважлівае слуханне голасу пастыраў і Яго прысутнасць у Эўхарыстыі і ў тых, каму вы служыце. Будзьце настаўнікамі гэтай мудрасці, у якой свет мае вялікую патрэбу. І, калі ласка, не забывайцеся маліцца за мяне, бо мне гэта вельмі патрэбна”, - сказаў Святы Айцец.
 

05 снежня 2024, 10:40