Арцыбіскуп Джавані Д'Аньела, нунцый у Расійскай Федэрацыі, падчас аўдыенцыі ў Францішка Арцыбіскуп Джавані Д'Аньела, нунцый у Расійскай Федэрацыі, падчас аўдыенцыі ў Францішка  (Vatican Media)

Папскі зварот да Расіі: тысяча дзён вайны і шлях да міру

Папа накіраваў ліст да нунцыя ў Расіі з нагоды тысячы дзён вайны ва Украіне, заклікаючы да аднаўлення дыпламатычных намаганняў дзеля спынення канфлікту і выказваючы глыбокі боль за пакуты нявінных.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак зноў узяўся за пяро, каб выказаць свой боль з нагоды зацяжной і знясільваючай вайны ва Украіне. У лісце да свайго прадстаўніка ў Расійскай Федэрацыі, арцыбіскупа Джавані д'Аньела, Пантыфік назваў вайну "цяжкай ранай, нанесенай чалавечай сям'і", і заклікаў да "аднаўлення дыпламатычных намаганняў" для спынення канфлікту і дасягнення міру.

Гэты ліст, падпісаны 12 снежня 2024 года, з'яўляецца працягам папскай ініцыятывы па садзейнічанні міру. Раней, 19 лістапада, такога роду ліст быў накіраваны нунцыю ва Украіне. Такім чынам Папа падкрэслівае сваю пазіцыю "роўнай блізкасці" да ўсіх, хто пакутуе ад канфлікту.

"Я спадзяюся, што гуманітарныя намаганні, накіраваныя на дапамогу найбольш уразлівым, змогуць адкрыць шлях да аднаўлення дыпламатычных высілкаў, неабходных для спынення развіцця канфлікту і дасягнення доўгачаканага міру", - напісаў Пантыфік.

Францішак выказвае глыбокі боль за "дзясяткі тысяч маці, бацькаў і дзяцей, якія аплакваюць сваіх блізкіх, якія загінулі на вайне, або трывожацца за тых, хто прапаў без вестак, трапіў у палон ці быў паранены, будзь то вайскоўцы ці цывільныя". "Іх крык узнімаецца да Бога, заклікаючы да міру замест вайны, да дыялогу замест грукату зброі, да салідарнасці замест карыслівых інтарэсаў, бо нельга забіваць у імя Бога", - піша ён.

Папа падкрэслівае, што "пакуты, якія прычыняюцца нявінным, з'яўляюцца моцным пратэстам супраць любой формы насілля". Для ілюстрацыі гэтай думкі ён звяртаецца да рускай культуры, цытуючы адзін з самых любімых ім твораў – Браты Карамазавы Фёдара Дастаеўскага.

У сваім лісце Святы Айцец заклікае да аднаўлення дыпламатычных намаганняў для спынення канфлікту. Ён падкрэслівае важнасць гуманітарнай дапамогі і выказвае спадзяванне на тое, што яна можа стаць мостам да мірных перамоў.

У заключэнні паслання Пантыфік звяртаецца да духоўнага аспекту, цытуючы словы святога Серафіма Сароўскага, вельмі шанаванага ў Расіі: "Набудзь дух міру, і тысячы вакол цябе выратуюцца". Гэта цытата прыводзіцца таксама на кірыліцы.

Францішак заклікае "кожнага чалавека добрай волі аб'яднацца ў малітве да Бога, просячы дар міру, і ў намаганнях дасягнуць гэтай высакароднай мэты дзеля дабра ўсяго чалавецтва".

Ліст Папы да нунцыя ў Расіі з'яўляецца важным дыпламатычным і духоўным жэстам, які падкрэслівае нязменную пазіцыю Святога Пасада ў падтрымцы міру і дыпламатычнага вырашэння канфлікту. Ён таксама дэманструе глыбокую занепакоенасць Францішка пакутамі нявінных і яго імкненне садзейнічаць дыялогу і прымірэнню.
 

14 снежня 2024, 14:55