New York Times публікуе роздум Папы пра радасць жыцця
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваім тэксце, які з'яўляецца часткай аўтабіяграфіі, якая выйдзе ў студзені 2024 года ў 80 краінах свету, Святы Айцец падкрэслівае неабходнасць захоўваць радасць і пазбягаць меланхоліі.
"Жыццё непазбежна мае свой сум, які з'яўляецца часткай кожнага шляху надзеі і навяртання, - піша Францішак. - Але мы павінны любым коштам пазбягаць меланхоліі, каб не рабіць горкім наша сэрца".
"Нішто не прыносіць мне такой радасці, як сустрэчы з дзецьмі. Дзеці часта становяцца маімі настаўнікамі. Менавіта падчас сустрэч з імі я адчуваю найбольшае натхненне і камфорт", - прызнаецца ён.
Асаблівую ўвагу Святы Айцец надае сустрэчам са старэйшымі людзьмі. "Тыя, хто благаслаўляе жыццё і адкідвае ўсю крыўду, з'яўляюцца неадольнымі. Яны маюць дар смяяцца і плакаць, як дзеці", - заўважае ён.
Францішак перасцерагае ад страты чалавечнасці: "Той, хто не можа шчыра плакаць ці палка смяяцца, сапраўды знаходзіцца на шляху да заняпаду. Мы становімся анестэзіраванымі, а анестэзіраваныя дарослыя не прыносяць карысці ні сабе, ні грамадству, ні Касцёлу", - цытуе Папу New York Times.