Францішка павіншавалі з Днём нараджэння падчас палёту з Корсікі ў Рым Францішка павіншавалі з Днём нараджэння падчас палёту з Корсікі ў Рым  (ANSA)

88-ы дзень нараджэння Папы адзначылі ў палёце

Падчас кароткага палёту з Ажаксьё ў Рым 15 снежня 2024 года Францішак падзяліўся сваімі ўражаннямі ад візіту на Корсіку, адзначыўшы вялікую колькасць дзяцей на востраве як прыкмету жыццяздольнасці народа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нягледзячы на тое, што палёт доўжыўся менш за 40 хвілін, Папа знайшоў час, каб падзяліцца сваімі думкамі з 67 журналістамі, якія суправаджалі яго падчас дзесяцігадзіннага візіту на міжземнаморскі востраў.

"Вы бачылі, колькі тут дзяцей? Гэта зямля, якая нараджае дзяцей. Падумайце пра іншыя падарожжы, дзе такога не было відаць", - падкрэсліў Пантыфік, дзелячыся сваімі назіраннямі.

Святы Айцец быў асабліва ўражаны колькасцю дзяцей, якіх ён убачыў падчас розных сустрэч, асабліва падчас Імшы на Плошчы Аўстэрліц, а таксама на вуліцах горада на руках ці побач з бацькамі.

Францішак падчас палёту з Корсікі ў Рым
Францішак падчас палёту з Корсікі ў Рым

"І ва Усходнім Тыморы, і тут я быў шчаслівы бачыць народ, які нараджае дзяцей. Гэта будучыня", - дадаў Францішак, успамінаючы сваё вераснёвае падарожжа ў Паўднёва-Усходнюю Азію і Акіянію.

Калі журналісты спыталі, куды будзе наступнае падарожжа, Папа з усмешкай адказаў: "Не ведаю!"

Нягледзячы на кароткі час палёту, журналісты падрыхтавалі Папе сюрпрыз – святочны торт з нагоды яго 88-га дня нараджэння, які ён адзначыць 17 снежня 2024 года. Торт быў упрыгожаны ў колеры ватыканскага сцяга – белы і жоўты, з надпісам "Віншуем, Папа Францішак" і фігуркай Пантыфіка, які сядзіць з паднятым уверх вялікім пальцам.

Папа падчас кароткай размовы з журналістамі
Папа падчас кароткай размовы з журналістамі

Падарунак уручыла мексіканская журналістка Валянціна Алазракі, старэйшына ватыканскіх журналістаў, якая здзейсніла 161 падарожжа разам з Пантыфікамі.

Святы Айцец шчыра падзякаваў за віншаванні і благаславіў прысутных, якіх ён заўсёды называе сваімі "спадарожнікамі". Гэты момант стаў кранальным завяршэннем кароткага, але насычанага візіту Папы Францішка на Корсіку.
 

16 снежня 2024, 10:30