Папа: хрысціяне, якія сеюць надзею – лепшы дар Касцёла для свету

Людзей пераканае не столькі моц аргументаў, колькі любоў, якую мы зможам у іх укласці. Гэта першая і самая эфектыўная форма евангелізацыі, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, што прайшла 11 снежня 2024 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Завяршаючы цыкл катэхез, прысвечаны дзейнасці Святога Духа ў місіі Касцёла, Францішак нагадаў, што першыя хрысціяне падчас сваіх літургічных сустрэч усклікалі: “Мараната!”, што ў перакладзе з арамейскай мовы азначае: “Пане, прыйдзі!”.

У тыя старажытныя часы гэта ўскліканне мела эсхаталагічны сэнс і выяўляла чаканне хвалебнага вяртання Пана. Але “чаканне апошняга прыйсця Хрыста не з’яўляецца адзіным”. Да яго дадаецца таксама чаканне Яго няспыннага прыйсця ў сучаснай сітуацыі Касцёла, які пілігрымуе. Менавіта пра яго ў першую чаргу думае Касцёл, калі, натхнёны Святым Духам, усклікае да Езуса: “Прыйдзі!”, - сказаў Пантыфік.

Папа патлумачыў, што ў выніку развіцця сэнсу, які Касцёл укладае ў вокліч “Прыйдзі!”, ён цяпер скіроўваецца не толькі да Хрыста, але таксама да Святога Духа. Менавіта з гэтай просьбы пачынаюцца амаль усе гімны і малітвы Касцёла, скіраваныя да Святога Духа. І гэта правільна, бо “пасля ўваскрасення Святы Дух з’яўляецца alter ego Хрыста”. Дух дазваляе Езусу прысутнічаць і дзейнічаць у Касцёле. “Вось чаму Хрыстус і Святы Дух неразлучныя, таксама ў эканоміі збаўлення”, - дадаў Францішак.

Пантыфік таксама адзначыў, што Святы Дух – гэта крыніца хрысціянскай надзеі, якая няспынна струменіцца. “Святы Павел пакінуў нам гэтыя каштоўныя словы: “Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй” (Рым 15,13). Калі Касцёл – гэта човен, Святы Дух – гэта ветразь, які прыводзіць яго ў рух і вядзе наперад у моры гісторыі, як сёння, так і ў мінулым”, - сказаў Папа.

“Надзея – гэта не пустое слова, не цьмянае жаданне таго, каб усё склалася найлепшым чынам: гэта ўпэўненасць, бо яна заснавана на вернасці Бога сваім абяцанням. Менавіта таму яе называюць боскай цнотай: яна прасякнута Богам і мае Бога ў якасці гаранта. Гэта не пасіўная цнота, якая абмяжоўваецца чаканнем таго, што адбудзецца. Яна ў найвышэйшай ступені цнота актыўная, дапамагае гэтаму адбыцца. Нехта з тых, хто змагаўся за вызваленне бедных, напісаў такія словы: “Святы Дух стаіць ля вытокаў воклічу бедных. Ён – сіла, дадзеная тым, у каго няма сіл. Ён узначальвае барацьбу за вызваленне і поўную рэалізацыю народа прыгнечаных”, - нагадаў Пантыфік.

“Хрысціянін не можа задавольвацца надзеяй; ён павінен таксама выпраменьваць надзею, быць сейбітам надзеі. Гэта самы цудоўны дар, які Касцёл можа зрабіць усяму чалавецтву, асабліва ў моманты, калі здаецца, што ўсё прымушае апусціць ветразь”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак працытаваў словы, якія апостал Пётр скіроўваў да першых хрысціян: “Хрыста Пана свяціце ў сэрцах вашых, будзьце заўсёды гатовыя даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею. Але рабіце гэта лагодна” (1 Пт 3,15-16). “Гэта правільна, бо людзей пераканае не столькі моц аргументаў, колькі любоў, якую мы зможам у іх укласці. Гэта першая і самая эфектыўная форма евангелізацыі. І яна адкрыта ўсім”, - падкрэсліў Папа.
 

11 снежня 2024, 09:46

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >