Папа да новых кардыналаў: дбайце пра тое, каб ісці шляхам Езуса

Быць сведкамі братэрства, рамеснікамі адносін і будаўнікамі адзінства заклікаў Папа новых кардыналаў. Падчас публічнага кансісторыя, які адбыўся 7 снежня 2024 года ў Ватыкане, кардынальскую годнасць атрымаў 21 іерарх.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа пракаментаваў у сваёй гаміліі евангельскі ўрывак пра ўзыходжанне Езуса ў Ерузалем. Ён падкрэсліў, што гэта “не быў узыход да славы гэтага свету”, але “да Божай славы, якая прадугледжвае сыход у адхлань смерці”. “У Святым горадзе, насамрэч, Езус памрэ на крыжы, каб вярнуць нам жыццё. Аднак Якуб і Ян, якія ўяўлялі іншы лёс для свайго Настаўніка, звяртаюцца да Яго і просяць аб двух ганаровых месцах: “Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч ад Цябе ў славе Тваёй” (Мк 10,37), - нагадаў Пантыфік.

Ісці шляхам Езуса

“Евангелле падкрэслівае гэты драматычны кантраст: у той час, як Езус ідзе па цяжкай дарозе ўгару, якая прывядзе Яго на Кальварыю, вучні думаюць аб роўным, пакатым шляху пераможнага Месіі”, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што “гэта можа адбыцца і з намі”, калі “наша сэрца збіваецца са шляху, дазваляючы асляпіць сябе спакусай прэстыжу, спакусай улады, занадта чалавечым энтузіязмам у адносінах да нашага Пана”. “Вось чаму так важна зазірнуць унутр сябе, пакорна стаць перад Богам і сумленна перад сабой, каб спытаць у сябе: куды імкнецца маё сэрца? У якім напрамку яно рухаецца? Ці не іду я не туды?”, - параіў Папа.

“Вярнуцца да сэрца, каб зноў устаць на той самы шлях, што і Езус – вось што нам патрэбна. І сёння, асабліва вам, дарагія браты, якія прымаеце кардынальскую годнасць, я хацеў бы сказаць: клапаціцеся пра тое, каб ісці шляхам Езуса”, - заклікаў Пантыфік.

Паставіць Хрыста ў цэнтр усяго

Святы Айцец патлумачыў, што ісці шляхам Езуса азначае ў першую чаргу вярнуцца да Яго і паставіць Яго ў цэнтр усяго, бо ў “духоўным і душпастырскім жыцці мы часам рызыкуем засяродзіцца на другасным, забываючы пра самае важнае”.

“Занадта часта другасныя рэчы займаюць месца неабходных; вонкавае пераважае над тым, што сапраўды істотнае. Мы занураемся ў дзейнасць, якую лічым тэрміновай, не дасягаючы сэрца. Замест гэтага нам заўсёды трэба вяртацца да цэнтра, аднаўляць падмурак, ачышчацца ад лішняга, каб апрануцца ў Хрыста”, - сказаў Францішак, заклікаючы кардыналаў зрабіць Езуса сваім “фундаментам і гравітацыйным цэнтрам” служэння.

Развіваць любоў да сустрэч

Ісці шляхам Езуса, па словах Папы, значыць таксама развіваць любоў да сустрэч. Ён нагадаў, што Хрыстус не абстрагаваўся ад здарэнняў і пакут свету, а прыйшоў менавіта для таго, каб залячыць раны чалавека і аблегчыць цяжар яго сэрца, адсунуць камяні граху і разарваць путы няволі.

“Пан сустракае абліччы, пазначаныя пакутамі, становіцца блізкім для тых, хто страціў надзею, уздымае ўпаўшых, аздараўляе хворых”, - нагадаў Святы Айцец, заклікаючы новых кардыналаў наследаваць гэты прыклад.

Будаваць адзінства

Францішак падкрэсліў, што ісці шляхам Езуса значыць таксама быць будаўнікамі адзінства і еднасці, бо Езус знішчыў мур варожасці, каб усе маглі адкрыць сябе дзецьмі адзінага Айца і братамі паміж сабой.

“Звяртаючы свой позірк на вас, выхадцаў з розных гісторый і культур, якія прадстаўляеце каталіцкасць Касцёла, Пан заклікае вас быць сведкамі братэрства, рамеснікамі адносін і будаўнікамі адзінства”, - дадаў Папа.
 

07 снежня 2024, 17:00