Папа з моладдзю падчас СДМ-2023. Ілюстрацыйнае фота Папа з моладдзю падчас СДМ-2023. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак заклікае моладзь змяніць свет працы

Папа звярнуўся да маладых удзельнікаў трэцяй сустрэчы LaborDì ў Рыме з заклікам захоўваць сваю аўтэнтычнасць і не баяцца ўносіць новыя ідэі ў свет працы, які патрабуе глыбокіх перамен.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваім пасланні да форума, арганізаванага Каталіцкімі асацыяцыямі італьянскіх рабочых (ACLI), Францішак падкрэсліў, што моладзь ужо шмат працавала над сваім развіццём, і цяпер перад ёй адкрываецца сцэна свету.

“Свет чакае вашага ўнікальнага ўкладу”

"З вамі – і я хацеў бы сказаць кожнаму: з табой – у свет прыходзіць новае. Усё, сапраўды ўсё можа змяніцца", - падкрэсліў Святы Айцец, звяртаючыся да маладых людзей.

Папа адзначыў, што свет працы з'яўляецца чалавечым светам, дзе кожны звязаны з усімі. На жаль, гэты свет таксама забруджаны негатыўнымі дынамікай і паводзінамі, што часам робіць яго невыносным.

“Сэрца – компас у свеце працы”

Францішак прапанаваў моладзі вобраз сэрца як сімвал іх уваходжання ў свет працы. Ён падкрэсліў, што сэрца – гэта не проста сімвал любові і сяброўства, але і тое, што маладыя людзі возьмуць з сабой на працу.

"Для Бібліі сэрца – гэта месца прыняцця рашэнняў. Там нараджаюцца імкненні, там паўстаюць мары, там адчуваецца супраціўленне, там з'яўляецца лянота", - тлумачыць Папа.

“Не станавіцеся часткай машыны”

Святы Айцец засцерагае маладых людзей ад небяспекі стаць проста часткай механізма. Ён заклікае іх не падпарадкоўвацца патрабаванням, якія прыніжаюць іх годнасць, і не прыстасоўвацца да мадэляў, у якія яны не вераць.

"Зло адчужае нас, гасіць мары, робіць нас адзінокімі і пакорлівымі. Сэрца можа гэта адчуць, і калі так адбываецца, трэба прасіць дапамогі і аб'ядноўвацца з тымі, хто нас ведае і клапоціцца пра нас", - падкрэслівае Францішак.

Папа заахвочвае моладзь да стварэння сетак, у тым ліку міжнародных, для аднаўлення агульнага дома і ўмацавання чалавечага братэрства. "Чалавечае сэрца ўмее спадзявацца. Праца, якая не адчужае, а вызваляе, пачынаецца з сэрца", - заключае Святы Айцец.
 

17 снежня 2024, 11:43