Францішак на адкрыццё Нотр-Дама: аднавіць спадчыну веры
Марыя Валодзіна - Vatican News
На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Сабора Парыжскай Божай Маці, якая прайшла ўвечары 7 снежня 2024 года, папскае пасланне было прачытана арцыбіскупам Чэлесціна Мільёрэ, апостальскім нунцыем у Францыі.
Папа запэўніў арцыбіскупа-мітрапаліта Парыжскага і ўсіх вернікаў у сваёй блізкасці ў думках і малітвах. “Усе мы дагэтуль памятаем жудасны пажар, які пяць гадоў таму моцна пашкодзіў храм. Нашы сэрцы сціскаліся пры думцы аб магчымасці знікнення шэдэўра хрысціянскай веры і архітэктуры, шматвяковага сведкі вашай нацыянальнай гісторыі. Сёння смутак і жалоба саступаюць месца радасці, святу і праслаўленню”, - гаворыцца ў пасланні.
Святы Айцец даслаў прывітанне пажарным і ўсім тым, хто мужна ратаваў Нотр-Дам. Ён адзначыў рашучую прыхільнасць дзяржаўных уладаў і шчодрасць міжнароднай супольнасці, якія спрыялі рэстаўрацыі святыні. Ён прывітаў людзей розных прафесій, якія аддалі ўсе свае сілы, каб вярнуць сабору яго хараство. Многія рабочыя і майстры засведчылі, што ўдзельнічалі ў рэстаўрацыі з сапраўдным духоўным натхненнем. “Яны пайшлі па слядах сваіх папярэднікаў, чыя вера, увасобленая ў іх творчасці, змагла стварыць шэдэўр, у якім няма месца нічому свецкаму, незразумеламу або вульгарнаму”, - напісаў Папа.
Пантыфік пажадаў, каб адраджэнне Нотр-Дама стала “прароцкім знакам адраджэння Касцёла Францыі”. “Я заклікаю ўсіх ахрышчаных, якія з радасцю ўвойдуць у сабор, адчуць законны гонар і зноў пацвердзіць сваю спадчыну веры. Дарагія вернікі Парыжа і Францыі! Гэтае месца, у якім жыве наш Нябесны Айцец, належыць вам. Вы – яго жывыя камяні. Вашы папярэднікі ў веры стварылі яго для вас. Незлічоныя выявы і сімвалы прызначаныя для таго, каб упэўнена накіраваць вас да сустрэчы з Богам-чалавекам і новаму адкрыццю яго велізарнай любові”, - гаворыцца ў пасланні.
Неўзабаве Нотр-Дам зноў будзе наведваць велізарны натоўп людзей з розных слаёў грамадства, розных рэлігій, моў і культур, многія ў пошуку абсалюту і сэнсу жыцця. Папа выказаў упэўненасць у тым, што дзверы Нотр-Дама будуць шырока адчыненыя для ўсіх, што іх будуць прымаць шчодра і бясплатна, як братоў і сясцёр. Няхай яны, падняўшы вочы да светлых скляпенняў Нотр-Дама, адчуюць радасць любові Пана, які нясе блізкасць, спачуванне і пяшчоту, - напісаў Францішак.
“Даручаючы французскі Касцёл і ўвесь французскі народ абароне Парыжскай Божай Маці, я ад усяго сэрца дасылаю Вам і ўсім прысутным сваё благаслаўленне”, - напісаў напрыканцы паслання Папа.