Францішак: няхай змоўкне зброя і загучаць калядныя гімны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец адзначыў, што заўсёды з увагай і трывогай сочыць за навінамі, якія паступаюць з Мазамбіка і мае жаданне “звярнуцца да гэтага дарагога народа з пасланнем надзеі, міру і прымірэння”.
“Я малюся аб тым, каб дыялог і пошук агульнага дабра, якія падтрымліваюцца верай і добрай воляй, узялі верх над недаверам і рознагалоссямі”, - сказаў Пантыфік.
Францішак таксама нагадаў пра пакуты ўкраінскага народа. “Змучаная Украіна працягвае падвяргацца нападам на гарады, часам пашкоджваюцца школы, бальніцы, цэрквы. Няхай змоўкне зброя і загучаць калядныя гімны! Давайце памолімся, каб на Божае Нараджэнне спыніліся абстрэлы на ўсіх франтах вайны – ва Украіне, у Святой Зямлі, на Блізкім Усходзе і па ўсім свеце. Я з болем думаю пра Газу, пра гэту жорсткасць; пра расстраляных з кулямётаў дзяцей, пра бамбардзіроўку школ і бальніц... Колькі жорсткасці!”, - з жалем падкрэсліў Папа.
Гаворачы пра сваю ранішнюю сустрэчу з дзецьмі з Дыспансэра святой Марты, Пантыфік адзначыў, што яна прынесла яму шмат радасці. Святы Айцец падкрэсліў, што “ніводнае дзіця не з’яўляецца памылкай”.