Джо Байдэн на аўдыенцыі ў Папы Францішка ў Ватыкане (архіўнае фота) Джо Байдэн на аўдыенцыі ў Папы Францішка ў Ватыкане (архіўнае фота)  (Vatican Media)

Папа правёў тэлефонную размову з Джо Байдэнам

19 снежня 2024 года адбылася тэлефонная размова Францішка з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Бакі абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў, у першую чаргу намаганні на карысць міру напярэдадні свята Божага Нараджэння. Амерыканскі лідар прыняў запрашэнне наведаць Ватыкан у студзені 2025 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміла прэс-служба Белага дома, прэзідэнт Байдэн падзякаваў Святому Айцу за яго пастаянную дзейнасць па абароне правоў чалавека і рэлігійнай свабоды і прыняў запрашэнне наведаць Ватыкан у студзені. Гэта наведванне стане апошнім візітам Джо Байдэна перад заканчэннем прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. 20 студзеня 2025 года Байдэн пакіне Белы дом, а яго пераемнік Дональд Трамп складзе прысягу ў якасці новага прэзідэнта ЗША.

Праблема смяротнага пакарання ў ЗША

Адной з цэнтральных тэм тэлефоннай размовы стала сітуацыя з асуджанымі на смяротнае пакаранне ў ЗША. Для Францішка гэта важнае пытанне: ён неаднаразова выступаў супраць смяротнага пакарання, падкрэсліваючы, што яно супярэчыць хрысціянскай веры і адмаўляе магчымасць прабачэння і аднаўлення. У 2018 годзе Папа ўнёс змены ў Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, абвясціўшы смяротнае пакаранне недапушчальным пры любых умовах: чалавечая годнасць застаецца нязменнай нават тады, калі чалавек здзяйсняе сур'ёзнае злачынства.

Пажаданне да Юбілею надзеі

У Юбілейнай буле Spes non confundit Папа пажадаў, каб Святы год прывёў да канкрэтных крокаў, такіх як прабачэнне знешніх даўгоў бедных краін і адмена смяротнага пакарання ва ўсім свеце (у 2022 годзе яно працягвала дзейнічаць у 53 краінах).

Заклік да малітвы і дзеянняў

Падчас малітвы Анёл Панскі, якая прайшла ў Ватыкане 8 снежня 2024 года, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Францішак выказаў глыбокую заклапочанасць становішчам зняволеных, якія чакаюць смяротнага пакарання ў калідоры смерці ў ЗША. Ён заклікаў вернікаў маліцца за іх выратаванне ад смерці.

Гэты заклік быў падтрыманы Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў ЗША, якая звярнулася да ўсіх вернікаў з просьбай: патрабаваць ад адыходзячага прэзідэнта Байдэна замяніць смяротныя прысуды на пажыццёвае зняволенне. У цяперашні час у камерах смяротнікаў федэральных турмаў ЗША ўтрымліваюцца сорак чалавек.

20 снежня 2024, 10:21