Папа адчыніў Святую Браму Базілікі святога Пятра

24 снежня 2024 года, у вігілію Божага Нараджэння, Францішак адчыніў Святую Браму Базілікі святога Пятра, распачаўшы Святы год надзеі. Папа спадзяецца, што Юбілей дапаможа чалавецтву знайсці новую надзею ў час, калі яна так патрэбна.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Абрад адкрыцця Святой Брамы глыбока сімвалічны. Папа папрасіў адчыніць для яго дзверы і праехаў праз іх у калясцы як першы пілігрым пад перазвон званоў, якія абвясцілі ўсяму свету пачатак Юбілейнага года.

Святы год – асаблівы час у жыцці Касцёла. Кожны вернік, які здзейсніць пілігрымку ў Рым і пройдзе праз Святую Браму, пры выкананні пэўных умоў можа атрымаць поўны адпуст і духоўна абнавіцца.

Акрамя ватыканскай базілікі, Святыя Брамы адчыняць у трох папскіх базіліках Рыма, а менавіта святога Яна на Латэране, Санта-Марыя-Маджорэ і святога Паўла за Мурамі. Акрамя таго, Папа выказаў жаданне асабіста адчыніць Святую Браму ў рымскай турме Рэбібія.

Святы год будзе праходзіць у Каталіцкім Касцёле з 24 снежня 2024 года па 6 студзеня 2026 года пад дэвізам Пілігрымы надзеі.

24 снежня 2024, 19:21