Папа да Рымскай курыі: быць рамеснікамі благаслаўлення

“Касцёльная супольнасць жыве ў радаснай і братэрскай гармоніі ў той меры, у якой яе члены ідуць па шляху пакоры, адмаўляючыся дрэнна думаць і казаць пра іншых”, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Казаць пра іншых добра і не казаць дрэнна – гэты заклік быў галоўнай тэмай перадкаляднага звароту Святога Айца да іерархаў і кіраўнікоў структур Рымскай курыі. Ён сустрэўся са сваімі бліжэйшымі супрацоўнікамі на аўдыенцыі, якая адбылася 21 снежня 2024 года ў Ватыкане.

Папа пачаў сваю прамову, звяртаючы ўвагу на сітуацыю ў Сектары Газа. Ён заўважыў, што ўчора там падвергліся бамбардзіроўцы дзеці. “Гэта бязлітаснасць. Гэта не вайна. Я хачу сказаць гэта, бо гэта кранае сэрца”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што заахвочванне казаць пра іншых добра і не казаць дрэнна датычыцца ўсіх: біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў. “Гэта выраз пакоры, а пакора з’яўляецца галоўнай характарыстыкай Уцелаўлення, асабліва таямніцы Нараджэння Пана”, - адзначыў ён. “Касцёльная супольнасць жыве ў радаснай і братэрскай гармоніі ў той меры, у якой яе члены ідуць па шляху пакоры, адмаўляючыся дрэнна думаць і казаць пра іншых”, - сцвердзіў Папа.

Абвінавачваць саміх сябе

Пантыфік заўважыў, што шляхам пакоры з’яўляецца абвінавачванне саміх сябе, чаму вучылі яшчэ старажытныя хрысціянскія духоўныя настаўнікі, сярод якіх Даратэй з Газы. Тыя, хто рэгулярна практыкуюць гэту цноту, “вызваляюцца ад падазронасці і недаверу і пакідаюць месца для дзеяння Бога, адзінага, хто стварае саюз сэрцаў”.

“І калі кожны прасоўваецца па гэтым шляху, можа нарадзіцца і вырасці супольнасць, у якой усе будуць клапаціцца адзін пра аднаго і ісці разам у пакоры і міласэрнасці”, - сказаў Францішак, падкрэсліваючы, што ў аснове гэтага духоўнага стылю знаходзіцца ўнутранае прыніжэнне – наследаванне прыкладу пакорнага сэрца Езуса, які з любові прынізіўся да стану чалавека і ўзяў на сябе яго грэх.

Благаслаўлёныя благаслаўляем

Уцелаўленне Слова паказвае, што Бог не пракляў нас, а благаславіў. І, будучы благаслаўлёнымі, хрысціяне таксама пакліканы благаслаўляць, - адзначыў Папа, заклікаючы сваім бліжэйшых супрацоўнікаў рэгулярна занурацца ў Божую ласку, напрыклад, падчас духоўных практыкаванняў, каб быць здольнымі благаслаўляць усіх, нават тых, хто здаецца непрыемным ці кепска ставіцца да нас.

Рамеснікі благаслаўлення

“У Касцёле, знаку і прыладзе Божага благаслаўлення для чалавецтва, мы ўсе пакліканы быць рамеснікамі благаслаўлення. Мы можам уявіць сабе Касцёл як вялікую раку, якая разгаліноўваецца на тысячы рэчак, патокаў, ручаёў – крыху падобна на басейн Амазонкі – каб аросіць увесь свет Божым благаслаўленнем, якое вынікае з Пасхальнай Таямніцы Хрыста”, - сцвердзіў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў, што Рымская курыя таксама павінна працаваць, каб распаўсюджваць у свеце благаслаўленне Бога і Маці Касцёла. Святы Айцец звярнуў увагу таксама на каштоўнае служэнне тых у Рымскай курыі, хто непрыкметна рыхтуе лісты для хворых, бацькоў, вязняў, пажылых людзей і дзяцей, каб да іх маглі дайсці малітвы і благаслаўленне Папы. “Гэта і ёсць быць рамеснікамі благаслаўлення. Гэта шлях Бога, які ў Езусе прыніжаецца і прыходзіць раздзяліць наш чалавечы стан і так благаслаўляе нас”, - падкрэсліў Францішак.
 

21 снежня 2024, 11:12