Францішак манахіням: плёткі супрацьлеглыя абвяшчэнню Евангелля

Папа сустрэўся 6 снежня 2024 года ў Ватыкане з сёстрамі кангрэгацыі Кармэлітак Пасланніц Духа Святога, якія прыбылі з Бразіліі і іншых краін Еўропы ў паломніцтва да магіл апосталаў Пятра і Паўла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча з манаскай супольнасцю набывае асаблівае значэнне ў кантэксце набліжэння Юбілейнага года, які распачнецца 24 снежня. Пантыфік адзначыў глыбокую сувязь паміж гэтай падзеяй і евангельскім урыўкам, які натхніў заснаванне іх інстытута: "Дух Пана на Мне... і паслаў Мяне... абвяшчаць год ласкі Пана" (Лк 4, 18).

Святы Айцец падкрэсліў важнасць штодзённага служэння справе евангелізацыі і распаўсюджвання Божага слова. "Не забывайцеся пра гэта: да ўсіх", - настойліва нагадаў Францішак. Ён працытаваў словы святога Паўла, якія павінны знайсці водгук у сэрцы кожнага ахрышчанага: "Гора мне, калі не абвяшчаю Евангелле!"

Папа з занепакоенасцю адзначыў, што часам сустракаюцца кансэкраваныя асобы, якія замест абвяшчэння Добрай Навіны займаюцца бесперапынным пляткарствам. "Плёткі – гэта супрацьлегласць абвяшчэнню Евангелля, бо яны заўсёды асуджаюць іншага", - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы манахінь дапамагаць адна адной пазбягаць гэтай заганы.

Францішак з радасцю адзначыў, што 2024 год стаў для супольнасці сапраўдным годам ласкі. У ліпені сёстры адсвяткавалі 40-годдзе заснавання інстытута і правялі чацвёрты Генеральны капітул, падчас якога абралі новае кіраўніцтва на наступныя шэсць гадоў.

Пантыфік падкрэсліў асаблівую харызму манаскага інстытута, дзе місіянерскі імпульс евангелізацыі арганічна спалучаецца з сузіральным і малітоўным жыццём у адпаведнасці са старажытнай кармэліцкай традыцыяй.

На заканчэнне сустрэчы Францішак благаславіў манаскую супольнасць па-партугальску і даручыў іх апецы Маці Божай з Апарэсіды, нацыянальнай заступніцы Бразіліі.
 

06 снежня 2024, 12:30