Францішак прыняў першую жанчыну-прэзідэнта Славеніі

Падчас сардэчных размоў у Ватыкане абмяркоўваліся добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Славенія, а таксама міжнародныя канфлікты і роля Каталіцкага Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа Францішак правёў 5 снежня 2024 года паўгадзінную сустрэчу з прэзідэнтам Рэспублікі Славенія спадарыняй Наташай Пірц Мусар у Апостальскім палацы. Пасля гэтага кіраўніца дзяржавы сустрэлася з кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам, якога суправаджаў падсакратар па адносінах з дзяржавамі, ксёндз Міраслаў Вахоўскі.

На сустрэчы ў Дзяржаўным сакратарыяце былі адзначаны добрыя існуючыя адносіны паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Славенія, а таксама закрануты некаторыя адкрытыя пытанні ў адносінах паміж Касцёлам і дзяржавай, падкрэсліваючы ўнёсак католікаў у славенскае грамадства.

Асаблівая ўвага была нададзена міжнародным пытанням, у прыватнасці сітуацыі ў рэгіёне Заходніх Балкан і канфліктам на Блізкім Усходзе і ва Украіне.

Падчас сустрэчы Святы Айцец падарыў кіраўніцы дзяржавы тамы папскіх дакументаў, Пасланне на Сусветны дзень міру 2024 года і кнігу Ватыканскага выдавецтва.

Гэта першая сустрэча Папы Францішка з Наташай Пірц Мусар, якая была абрана прэзідэнтам Славеніі ў лістападзе 2022 года і стала першай жанчынай на гэтай пасадзе ў гісторыі краіны.
 

05 снежня 2024, 10:55