Святы Айцец сустрэўся з Махмудам Абасам

12 снежня 2024 года Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта Палесціны Махмуда Абаса. Сустрэча доўжылася 30 хвілін.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пасля гэтага палесцінскі лідар сустрэўся з Дзяржсакратаром П'етра Паралінам і Сакратаром па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі арцыбіскупам Полам Галахерам.

Як паведаміла Зала друку Святога Пасада, на сустрэчах абмяркоўвалася "вельмі сур'ёзная гуманітарная сітуацыя ў Газе", а таксама выказвалася надзея на "спыненне агню і хуткае вызваленне ўсіх закладнікаў". Яшчэ адной тэмай стаў "важны ўклад Каталіцкага Касцёла ў развіццё палесцінскага грамадства", у тым ліку гуманітарная дапамога Газе.

Паведамляецца таксама, што абмяркоўвалася неабходнасць мірнага ўрэгулявання пытання дзвюх дзяржаў выключна шляхам "дыпламатыі і дыялогу", а таксама важнасць асаблівага статусу Іерусаліма, каб ён мог стаць "месцам сяброўства трох вялікіх монатэістычных рэлігій". Бакі выказалі надзею на тое, што Юбілейны 2025 год будзе спрыяць вяртанню пілігрымаў у Святую Зямлю.

12 снежня 2024, 15:50