Папская Імша на Корсіцы: надзея перамагае расчараванне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас гаміліі Святы Айцец засяродзіўся на пытанні, якое людзі задавалі Яну Хрысціцелю: "Што нам рабіць?". Гэтае пытанне, паводле Францішка, выяўляе глыбокае жаданне абнавіць жыццё і змяніць яго да лепшага ў чаканні Месіі.
Папа падкрэсліў, што менавіта тыя, хто лічыўся далёкімі ад Бога – мытнікі і жаўнеры – выказвалі жаданне навяртання, а не фарысеі і кніжнікі. Ян Хрысціцель адказваў ім заклікам практыкаваць справядлівасць, быць сумленнымі і праўдзівымі. "Далёкія становяцца блізкімі, калі Хрыстус набліжаецца да нас", - адзначыў Пантыфік.
Святы Айцец вылучыў два спосабы чакання Месіі. Першы – падазронае чаканне, поўнае недаверу і трывогі. Такі падыход характэрны для тых, хто занадта засяроджаны на сабе і губляе радасць душы. Папа звярнуў увагу на распаўсюджанасць такой духоўнай хваробы, асабліва там, дзе пануе спажывальніцтва.
Другі спосаб – радаснае чаканне. Францішак падкрэсліў важнасць культывавання веры і ацаніў ролю народнай рэлігійнасці. Ён асабліва адзначыў значэнне малітвы Ружанца, якая дапамагае трымаць сэрца засяроджаным на Езусе Хрысце з сузіральным поглядам Марыі.
Папа асабліва звярнуўся да рэлігійных брацтваў, заахвочваючы іх да бескарыслівага служэння бліжнім, як у духоўным, так і ў матэрыяльным плане. Ён падкрэсліў іх важную ролю ў літургіі і малітве Касцёла, якую яны ўпрыгожваюць спевамі і народнымі набажэнствамі.
Завяршаючы гамілію, Святы Айцец адзначыў, што нягледзячы на сур'ёзныя праблемы сучаснасці – беднасць, войны, карупцыю і насілле – Касцёл працягвае абвяшчаць надзею. Гэта надзея не расчароўвае, бо грунтуецца на прысутнасці Пана сярод свайго народа.
Францішак заклікаў сабраных на Плошчы Аўстэрліц захоўваць радасць у сэрцы, каб быць сведкамі надзеі, якая ніколі не падводзіць.