Святая Брама Базілікі святога Пятра Святая Брама Базілікі святога Пятра 

Папа: Юбілеі – каштоўныя моманты для пераасэнсавання жыцця

Напярэдадні адкрыцця Святога года Францішак падзяліўся ў сацыяльнай сетцы Х думкамі пра значэнне Юбілею. Ён падкрэсліў, што Юбілеі з'яўляюцца каштоўнымі момантамі для пераасэнсавання жыцця.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Юбілеі – каштоўныя моманты для падвядзення вынікаў нашага жыцця, як асобных людзей, так і супольнасцяў. Яны таксама з'яўляюцца нагодай для разважання і слухання таго, што кажа нам сёння Святы Дух”, - напісаў Пантыфік.

24 снежня 2024 года ў 19:00 падчас святочнага набажэнства ў Базіліцы святога Пятра адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Святой Брамы. Падзея дасць пачатак Юбілейнаму году, прысвечанаму надзеі. Чакаецца, што на ватыканскай плошчы збяруцца каля 30 тысяч вернікаў, якія будуць сачыць за абрадам па вялікім экранам.

Францішак прамовіць: Haec porta Domini (Вось брама Пана), на што вернікі адкажуць: Iusti intrabunt in eam (Праведнікі ўвойдуць у яе).

Дзесяць дзяцей з розных краін свету паднясуць Папу кветкі, што падкрэсліць глабальны аспект святкавання Юбілею. Сярод першых 54 вернікаў, якія пройдуць праз Святую Браму, будуць прадстаўнікі ўсіх кантынентаў, у тым ліку з такіх краін як Кітай, Конга, Паўднёвая Карэя, Эрытрэя, Іран, Папуа-Новая Гвінея, Самоа, ЗША і В'етнам.

Папа спадзяецца, што Юбілей 2025 года, які будзе праходзіць пад дэвізам Spes non confundit – Надзея не расчаруе, стане крыніцай духоўнага абнаўлення ў свеце, які сёння пакутуе ад войнаў, беднасці і кліматычнага крызісу.

23 снежня 2024, 17:41