Францішак: музыканты павінны быць анёламі міру

Святы Айцец сустрэўся 14 снежня 2024 года з арганізатарамі і артыстамі Калядных канцэртаў у Ватыкане. Ён заклікаў іх быць "анёламі міру" і несці надзею праз музыку і мастацтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа Францішак падкрэсліў дзве галоўныя каштоўнасці, якія могуць несці творцы: мір і надзею. Ён нагадаў, што пры нараджэнні Езуса анёльскі спеў напоўніў радасцю неба і зямлю. "Музыка, размаўляючы асаблівым і непасрэдным чынам з сэрцам чалавека, мае велізарную здольнасць ствараць адзінства і спрыяць яму”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец высока ацаніў выбар прысвяціць сёлетні канцэрт тэме надзеі, якая з'яўляецца правадной ніткай мастацкіх і салідарных сведчанняў артыстаў, асабліва ў падтрымку місіянераў, якія працуюць з моладдзю па ўсім свеце. "Надзея – гэта перш за ўсё дар Божы, які грунтуецца на веры і жывіцца любоўю", - падкрэсліў Папа.

Францішак заахвоціў артыстаў напаўняць вуліцы свету спевам міру і надзеі, каб перадаць будучым пакаленням свет, які стаў лепшым і багацейшым на дабро. Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на маладых удзельнікаў Christmas Contest, падкрэсліўшы важнасць здаровага саюзу паміж пакаленнямі.

"Свет і Касцёл маюць вялікую патрэбу ў вашым таленце, вашай творчай ідэйнасці, вашай здольнасці дарыць сябе, вашай прыхільнасці да справядлівасці і братэрства", - заключыў Папа.
 

14 снежня 2024, 10:09