Urbi et Orbi: клопат пра мір і заклік да паяднання
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа падкрэсліў, што таямніца Божага Нараджэння працягвае уражваць і кранаць нас. Ён нагадаў, што падзея, якая адбылася больш за дзве тысячы гадоў таму, калі Дзева Марыя нарадзіла Езуса, Сына Божага, аднаўляецца дзякуючы Духу Святому.
Дзверы сэрца Бога заўсёды адкрытыя
"Дзверы сэрца Бога заўсёды адкрытыя, вернемся да Яго! Вернемся да сэрца, якое любіць нас і даруе нам! Дазволім Яму дараваць нам, дазволім паяднацца з Ім!", - заклікаў Пантыфік.
Папа звярнуў асаблівую ўвагу на канфлікты ў свеце, найперш ва Украіне і на Блізкім Усходзе. "Няхай змоўкне зброя ў змучанай Украіне! Няхай хопіць адвагі адчыніць дзверы для перамоў і жэстаў дыялогу і сустрэчы, каб дасягнуць справядлівага і трывалага міру", - падкрэсліў ён.
Малітва за ўсіх, хто пакутуе ад канфліктаў
Святы Айцец выказаў асаблівую трывогу за становішча хрысціянскіх супольнасцей у Ізраілі і Палесціне, асабліва ў Газе, дзе гуманітарная сітуацыя надзвычай цяжкая. Ён заклікаў спыніць агонь, вызваліць закладнікаў і дапамагчы насельніцтву, якое пакутуе ад голаду і вайны.
"Мы павінны маліцца за ўсе краіны, якія пакутуюць ад войнаў і канфліктаў", - падкрэсліў Папа, называючы Ліван і Сірыю, дзе сітуацыя застаецца надзвычай складанай.
Асаблівую ўвагу Пантыфік надаў афрыканскім краінам: Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, дзе бушуе эпідэмія адру, а таксама Буркіна-Фасо, Малі, Нігеру і Мазамбіку, якія пакутуюць ад тэрарызму і кліматычных змен. Ён таксама ўзгадаў краіны Афрыканскага Рога і Судан.
Заклік да міру ў Амерыцы
Францішак звярнуў увагу на сітуацыю ў краінах Амерыкі, у прыватнасці ў Гаіці, Венесуэле, Калумбіі і Нікарагуа, заклікаючы да пошуку эфектыўных рашэнняў для сацыяльнай гармоніі.
Ён таксама ўзгадаў М'янму, дзе працягваюцца ўзброеныя сутыкненні, і Кіпр, які ўжо паўстагоддзя застаецца падзеленым, выказваючы спадзяванне на мірнае вырашэнне гэтых канфліктаў.
Падзяка тым, хто служыць іншым
Папа выказаў удзячнасць людзям, якія ціха і верна служаць дабру: бацькам, педагогам, настаўнікам, медыцынскім работнікам, супрацоўнікам праваахоўных органаў і місіянерам, якія нясуць святло і суцяшэнне многім людзям у цяжкасцях.
Завяршаючы пасланне, Францішак заклікаў выкарыстаць Юбілейны 2025 год як магчымасць для дараваная даўгоў, асабліва тых, што абцяжарваюць найбяднейшыя краіны. Ён падкрэсліў, што кожны пакліканы дараваць атрыманыя крыўды, бо Сын Божы, Які нарадзіўся ў холадзе і цемры ночы, даруе нам усё.
"Езус чакае кожнага з нас, асабліва самых слабых: чакае дзяцей, усіх дзяцей, якія пакутуюць ад вайны і голаду; чакае старых, часта вымушаных жыць у адзіноце і занядбанні", - падкрэсліў Святы Айцец, заклікаючы ўсіх стаць пілігрымамі надзеі і перайсці праз адкрытыя брамы міласэрнасці.