Францішак у Ажаксьё: беднасць духавенства – гэта благаслаўленне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас кароткага візіту ў Ажаксьё Папа знайшоў час для сустрэчы з мясцовым духавенствам і кансэкраванымі асобамі ў катэдры Маці Божай Унебаўзятай. Святы Айцец падзякаваў ім за іх служэнне і адданасць, падкрэсліўшы важнасць Божай ласкі як асновы хрысціянскай веры і кансэкрацыі ў Касцёле.
Францішак адзначыў, што ў сучасным еўрапейскім кантэксце існуюць праблемы з перадачай веры, і штодня святары сутыкаюцца з гэтым, адчуваючы сябе малымі і слабымі. Аднак Папа падкрэсліў, што гэтая беднасць з'яўляецца благаслаўленнем, бо яна вучыць разглядаць хрысціянскую місію як нешта, што залежыць не ад чалавечых сіл, а ад дзеяння Бога.
"Не забывайма гэтага: у цэнтры – Пан. Не я ў цэнтры, а Бог. Гэта тое, што, магчыма, кожную раніцу на ўзыходзе сонца кожны душпастыр, кожная кансэкраваная асоба павінна паўтараць у малітве: і сёння ў маім служэнні не я ў цэнтры, а Бог", - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец заклікаў святароў і кансэкраваных асоб задаваць сабе пытанне: "Як я пражываю сваё святарства, сваю кансэкрацыю, сваё вучнёўства?". Ён падкрэсліў важнасць гэтага пытання і заклікаў не недаацэньваць неабходнасць такога разважання.
Францішак даў дзве галоўныя парады: клапаціцца пра сябе і клапаціцца пра іншых. "Клапаціцца пра сябе. Бо святарскае ці манаскае жыццё – гэта не так, якое мы прамовілі раз і назаўсёды. Не жывуць на працэнты з Панам! Наадварот, кожны дзень трэба аднаўляць радасць сустрэчы з Ім, у кожны момант трэба зноў слухаць Яго голас і вырашаць ісці за Ім", - сказаў Папа.
Ён падкрэсліў важнасць штодзённай малітвы, Эўхарыстыі, дыялогу з Богам, а таксама захавання момантаў самоты і здаровага адпачынку ад служэння. Папа таксама заклікаў да братэрства сярод духавенства, падзяляючы не толькі цяжкасці і выклікі, але і радасць і сяброўства.
Што тычыцца клопату пра іншых, Францішак нагадаў, што місія кожнага святара і кансэкраванай асобы мае адну мэту: несці Езуса іншым, даваць сэрцам суцяшэнне Евангелля. Ён заклікаў не баяцца змяняцца, перагледзець старыя схемы, абнаўляць мову веры, але пры гэтым памятаць, што місія – гэта перш за ўсё пытанне веры, а не чалавечых стратэгій.
На заканчэнне Папа заахвоціў карсіканскае духавенства і кансэкраваных асоб працягваць сваё служэнне з надзеяй і радасцю, нават у моманты стомленасці і расчаравання. Ён заклікаў іх заўсёды звяртацца да Бога, які суцяшае тых, каго паклікаў і паслаў.