Святы Айцец: абвяшчаць не саміх сябе, а Езуса Хрыста
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа звярнуў увагу на два фундаментальныя складнікі хрысціянскага прапаведавання, якімі з’яўляюцца змест – гэта значыць Евангелле, і сродак – Святы Дух.
Пантыфік адзначыў, што ў Новым Запавеце слова “Евангелле” мае два галоўныя значэнні. Яно можа азначаць адзін з чатырох кананічных евангельскіх тэкстаў і Добрую навіну, якую абвяшчаў Езус Хрыстус падчас свайго зямнога жыцця. “Пасля Пасхі слова “Евангелле” набыло новае значэнне – Добрую навіну пра Езуса, гэта значыць пра пасхальную таямніцу смерці і ўваскрасення Хрыста”, - патлумачыў Францішак.
На першым месцы – евангельскае пасланне
Папа падкрэсліў, што прапаведаванне Езуса, а затым і апосталаў, утрымлівае ў сабе ўсе маральныя абавязкі, якія вынікаюць з Евангелля, пачынаючы ад Дзесяці запаведзяў і заканчваючы “новай” Запаведдзю любові.
“Але калі мы не жадаем зноў упасці ў памылку, асуджаную апосталам Паўлам, калі закон ставіцца вышэй ласкі, а справы – вышэй веры, мы заўсёды павінны пачынаць нанова, з абвяшчэння таго, што Хрыстус зрабіў для нас. Вось чаму ў Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium я зрабіў акцэнт на першым з двух, гэта значыць на керыгме, або “абвяшчэнні”, ад якога залежаць любыя маральныя ўказанні”, - сказаў Францішак.
Папа нагадаў, што “керыгма” павінна займаць цэнтральнае месца ў евангелізацыйнай дзейнасці і ў кожнай спробе касцёльнага аднаўлення”. Евангельскае пасланне з’яўляецца першым у сэнсе якасці, і да яго трэба пастаянна вяртацца, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што “няма нічога больш грунтоўнага, больш глыбокага, больш пэўнага, больш змястоўнага і больш мудрага за гэтае пасланне”.
Прапаведаваць моцай Святога Духа
Францішак падкрэсліў, што Евангелле павінна абвяшчацца моцай Святога Духа (1 Пт 1,12). “Касцёл павінен рабіць тое, пра што казаў Езус на пачатку свайго публічнага служэння: “Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім” (Лк 4,18). Прапаведаваць з намашчэннем Святым Духам азначае перадаваць разам з ідэямі і веравучэннем жыццё і глыбокую перакананасць. Гэта значыць спадзявацца не на “пераканаўчыя словы мудрасці, а на праяўленне Духа і Яго моцы” (1 Кар 2,4), як пісаў святы Павел”, - сцвердзіў ён.
Два патрабаванні – малітва і абвяшчэнне Езуса Хрыста
Пантыфік звярнуў увагу на два важныя патрабаванні для прапаведавання моцай Святога Духа. Першае – гэта малітва, бо “Святы Дух сыходзіць на тых, хто моліцца”. “Гора нам, калі прапаведуем без малітвы. Тады мы становімся тымі, каго апостал называе “меддзю звонкай або гулкімі цымбаламі”, - падкрэсліў Папа.
Другое патрабаванне, пра якое згадаў Францішак – “абвяшчаць не саміх сябе, а Пана Езуса”. У гэтым кантэксце ён пажадаў, каб святары не прамаўлялі доўгіх гамілій і былі адкрытымі на ўдзел у сумесных праектах. “Не жадаць абвяшчаць саміх сябе значыць не даваць заўсёды прыярытэт асабістым душпастырскім ініцыятывам, звязаным з намі і ўласным імем, але ахвотна супрацоўнічаць, калі гэта патрабуецца, у ініцыятывах супольнасці ці тых, якія даручаць нам у сілу паслухмянасці”, - патлумачыў Святы Айцец.