Святы Айцец наведаў выставу Шагала ў Рыме
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Карціна была дастаўлена ў Рым з Чыкагскага інстытута мастацтваў дзякуючы супрацоўніцтву з Дыкастэрыяй па евангелізацыі і Fondazione Roma з нагоды набліжэння Юбілейнага года. Выстава стала першай у новай рымскай музейнай прасторы Museo del Corso і працягнецца да 27 студзеня 2025 года.
Белае Укрыжаванне, створанае ў 1938 годзе, з’яўляецца вельмі важным творам Шагала. Яно было напісана пасля так званай Крыштальнай ночы – адной з самых драматычных падзей антысеміцкага пераследу на тэрыторыі III Рэйха напярэдадні Другой сусветнай вайны.
Будучы кардыналам, на старонках кнігі Езуіт, якая выйшла ў 2010 годзе, Хорхэ Бэрголіа назваў гэту карціну сваёй улюбёнай, адказваючы на пытанне журналіста пра мастацкія ўпадабанні. “Я заўсёды лічыў гэтую карціну адной з найцудоўнейшых сярод створаных калі-небудзь. Мука тут спакойная і натхнёная надзеяй”, - адзначаў тады будучы Пантыфік.
Белае Укрыжаванне ўвасабляе ўсю трагедыю яўрэйскага народа: нянавісць, пераследы, пагромы, што мелі месца ў ХХ стагоддзі. Шагал не імкнуўся стварыць канкрэтную сцэну, але праз сімвалы і вобразы перадаў глыбіню ўсёй драмы.
Каб паказаць несправядлівасць і боль невіноўных, мастак выкарыстаў менавіта хрысціянскі вобраз. У асобе ўкрыжаванага Хрыста ён адлюстраваў увесь пакутуючы, “укрыжаваны” яўрэйскі народ. “Мучаніцтва Езуса – гэта мучаніцтва майго народа ў тыя гады”, - казаў Марк Шагал.
Як адзначаюць арганізатары выставы, гэтая карціна з’яўляецца “магутным сімвалам надзеі і рэлігійнай еднасці (...) з пасланнем, якое заклікае да абароны чалавечай годнасці і дыялогу паміж культурамі”.