Святы Айцец: выбіраць жыццё – гэта быць на баку святла
Аляксандр Панчанка - Vatican News
13 снежня 2024 года ў Ватыкане быў абнародаваны ліст Папы на імя арцыбіскупа Сіракузы Франчэска Ламанта. Сёлета ў гэты горад часова будуць дастаўлены рэліквіі святой Люцыі – раннехрысціянскай мучаніцы, якая шырока ўшаноўваецца на Сіцыліі. На працягу апошніх васьмі стагоддзяў рэліквіі святой захоўваюцца ў Венецыі.
Святы Айцец падкрэсліў, што супрацоўніцтва паміж касцёльнымі супольнасцямі ў гэтых двух рэгіёнах Італіі дэманструе лад жыцця, здольны перамагаць цемру сучаснага свету. “Святло ёсць там, дзе ёсць абмен дарамі, дзе скарб аднаго – гэта багацце для іншага”, - напісаў Пантыфік, нагадваючы, што бачанне ў іншым суперніка, а ў яго шчасці – пагрозы, вядзе да разбурэння братэрства і ўсяго стварэння. “Занадта часта людзі глядзяць адзін на аднаго менавіта так”, - са шкадаваннем канстатаваў ён.
Спасылаючыся на прыклад святой Люцыі, Францішак звярнуў увагу на важнасць жаночага ўкладу ў жыццё Касцёла. “Нам патрэбны праца і слова жанчын у Касцёле, які вырушае ў дарогу, які з’яўляецца закваскай і святлом у культуры і супольным жыцці. Гэта асабліва важна ў сэрцы Міжземнамор’я – калысцы цывілізацыі і гуманізму, якая, на жаль, апынулася ў цэнтры несправядлівасці і дысбалансаў”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы ператварыць культуру адчужэння ў культуру сустрэчы.
“Мучаніцтва святой Люцыі вучыць нас плакаць, спачуваць і быць пяшчотнымі”, - сцвердзіў Папа, адзначыўшы, што гэтыя цноты з’яўляюцца не толькі хрысціянскімі, але і палітычнымі: яны дапамагаюць будаваць справядлівае грамадства, вяртаюць здольнасць заўважаць людзей у патрэбе. “Як жа важна маліцца, каб нашы вочы аздаравіліся!”, - падкрэсліў ён.
Францішак заўважыў, што прабыванне на баку святла ставіць перад пагрозай мучаніцтва таксама і нас. “Магчыма, нас не схопяць, але рашэнне заняць пазіцыю пазбавіць нас пэўнай бестурботнасці. Бываюць формы бестурботнасці, якія нагадваюць могілкавы спакой. Можна быць адсутнымі, быццам памерлыя, ці прысутнымі, але як магілы – прыгожымі звонку і пустымі ўсярэдзіне. Мы ж выбіраем жыццё”, - нагадаў Папа.
Пантыфік патлумачыў, што быць на баку святла і выбіраць жыццё значыць “быць чыстымі, празрыстымі, шчырымі людзьмі; з адкрытасцю, яснасцю і павагай адносіцца да іншых; выходзіць з двухсэнсоўнасці жыцця і злачыннага папушчальніцтва; не баяцца цяжкасцяў”. “Давайце не стамляцца вучыць дзяцей, падлеткаў і дарослых – пачынаючы з саміх сябе – слухаць сэрца, распазнаваць сведкаў, выхоўваць у сабе крытычнае мысленне, быць паслухмянымі сумленню”, - заклікаў Святы Айцец, заахвочваючы вернікаў быць адлюстраваннем Божага святла і не трымацца на адлегласці ад чалавечых трагедый.