Святы Айцец благаславіў кіёскі з вадой для пілігрымаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Рымская муніцыпальная служба ACEA размясціла Дамы вады бліз папскіх базілік і ўздоўж юбілейных маршрутаў. Яны дазваляюць пілігрымам і турыстам бясплатна атрымаць чыстую пітную ваду і зарадзіць мабільныя прылады. Два такіх кіёска месцяцца ў Ватыкане, астатнія дванаццаць – на тэрыторыі сталіцы Італіі.
На цырымоніі асвячэння кіёска, якая прайшла ў Ватыкане 18 снежня 2024 года, прысутнічалі кіраўніца ACEA Барбара Марыналі і генеральны дырэктар Фабрыцыа Палерма. Яны ўручылі Францішку, якога суправаджаў арцыбіскуп Рына Фізікела, пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, срэбную мініяцюру аднаго з рымскіх фантанаў.
Рымская вада лічыцца адной з найлепшых у свеце і заўсёды была гонарам жыхароў Вечнага горада. Яшчэ ў старажытнасці Рым атрымаў тытул Regina aquarum (Каралава вады), што сведчыць пра цесную сувязь горада з вадой з моманту яго заснавання. За пяць стагоддзяў, пачынаючы з 312 года да н.э., у Рыме пабудавалі 11 акведукаў агульнай даўжынёй у 500 кіламетраў. Яны забяспечвалі рымлян беспрэцэдэнтнай колькасцю вады – каля 300 000 м³ у дзень! Рымскія акведукі былі не толькі тэхнічным цудам свайго часу, але і сімвалам сілы і велічы горада, які стаў узорам для ўсяго антычнага свету.
Новыя кіёскі стануць карысным рэсурсам для пілігрымаў, турыстаў і мясцовых жыхароў, асабліва ў спякотныя летнія месяцы. У рамках ініцыятывы быў створаны таксама мабільны дадатак Acquea, які дазваляе знайсці бліжэйшую крыніцу пітной вады, якіх у Рыме больш за 150 тысяч.