Папа: Касцёл павінен быць цёплым і ўтульным домам для кожнага
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Дзе б мы не апынуліся, Касцёл для нас – дом, цёплы і ўтульны дом, і сёння вас вітае дом святога Пятра”, - прывітаў гасцей Папа.
Аб’яднанне філіпінскіх вернікаў у Мадрыдзе носіць назву Tahanan, што значыць дом. Яно базуецца ў парафіі Нуэстра-Сеньёра-дэль-Эспіна (ісп. espino – шып), і гэты факт прымусіў Францішка задумацца пра лёс многіх мігрантаў, якія, не знаходзячы цёплага і ўтульнага жылля, сутыкаюцца, як з шыпамі, з незлічонымі цяжкасцямі і непаразуменнямі. Не страціць надзею і справіцца з праблемамі ім дапамагае Найсвяцейшая Маці Божая.
Папа звярнуў увагу на постаць святога Лаўрэнція Руіса - місіянера з багатай культурнай спадчынай, які стаў прыкладам інтэграцыі. Лаўрэнцій Руіс меў, як і кардынал Тагле, кітайска-філіпінскія карані, якія разам з іспанскай традыцыяй, дазволілі яму стаць сведкам гарманічнага спалучэння розных культурных і духоўных плыняў. Абодвум давялося пакінуць сваю зямлю, як і многім людзям, якія “дагэтуль вымушаны міграваць, каб выратаваць жыццё або знайсці лепшую будучыню”. Папа заклікаў гасцей браць з іх прыклад, не губляць надзею і будаваць цёплы ўтульны дом – Касцёл.
Напрыканцы сустрэчы Папа згадаў сваё апостальскае падарожжа на Філіпіны, у прыватнасці, два кранальныя моманты свайго знаходжання ў Маніле і Таклобане: сем мільёнаў чалавек на Імшы пад дажджом, ветрам, у навальніцу. “Філіпінцы – гэта людзі веры. (...) Працягвайце быць сведкамі ў грамадстве, якое стала занадта багатым, занадта кампетэнтным, занадта самаўпэўненым. Дзякуй за тое, што вы робіце”, - завяршыў прамову Пантыфік.