Францішак мальтыйскім рыцарам: ісці па шляху шчодрасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваім звароце Папа адзначыў, што сустрэча адбываецца ў пачатку новага года, у перыяд святкавання Юбілею, а таксама неўзабаве пасля ўрачыстасці Святой Багародзіцы Марыі, заступніцы брацтва. Члены брацтва ўшаноўваюць яе пад тытулам Адзігітрыі – той, што паказвае дарогу, Езуса, які ёсць дарога, праўда і жыццё (пар. Ян 14,6).
“Марыя трымае на руках Збаўцу, народжанага для нас. Вось падзея любові, пра якую вы сведчыце, пакланяючыся Найсвяцейшаму Сакрамэнту, служачы бліжняму і крочачы ў гісторыі вашага горада. Таму я хацеў бы коратка паразважаць з вамі пра гэтыя тры дзеясловы: пакланяцца, служыць, ісці”, - прапанаваў Святы Айцец.
Папа заклікаў брацтва з вялікай адданасцю працягваць асабістую і супольную малітву, асабліва ў Святы год. “Няхай адарацыя будзе той сілай, якая пастаянна абнаўляе ваша старажытнае брацтва”, - пажадаў ён.
Пантыфік падкрэсліў цесную сувязь паміж адарацыяй і служэннем бліжняму, пра якую нельга забываць. Хрыстус прыйшоў у свет, каб служыць (пар. Мк 10,45). Служачы бедным і хворым са спачуваннем і пяшчотай, мы служым Пану, - нагадаў Францішак.
Папа заклікаў гасцей ісці за Хрыстом з цярплівасцю, трымаючы падчас зямнога пілігрымавання запаленую свечку веры. Як Біскуп Рыма, ён скарыстаўся нагодай, каб падзякаваць гасцям за штогадовае ахвяраванне велікоднай свечкі для латэранскай базілікі, а таксама за ахвяраванні на папскую дабрачыннасць. Францішак заахвоціў брацтва працягваць з надзеяй крочыць па шляху шчодрасці, благаславіў іх сем'і і папрасіў маліцца аб ім.