Францішак сустрэўся з асобамі з цяжкімі формамі інваліднасці
Візіт прайшоў у другой палове дня 24 чэрвеня 2018 г. і не быў прадугледжваны афіцыйнай праграмай мерапрыемстваў з удзелам Святога Айца. Па прыбыцці Францішак асабіста прывітаў кожнага з двухсот удзельнікаў сустрэчы: інвалідаў, іх сем’і, валанцёраў і прадстаўнікоў дабрачынных структур.
Пантыфіку быў прадстаўлены праект, які прызначаны для забеспячэння аўтаномнасці жыцця людзей з сур’ёзнымі формамі інваліднасці. Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што візіт працягваўся каля двух гадзін.
Звяртаючыся да сабраных, Папа заклікаў усіх “верыць у мары і прыгажосць жыцця ў еднасці з Панам”. Паводле ўдзельнікаў сустрэчы, гэта быў “надзвычайны дзень”, перажыты ўсімі як нядзеля пад знакам “нармальнасці”, дзякуючы прастаце і натуральнасці жэстаў Францішка.
Фонд “Durante e Dopo di Noi” (З намі і пасля нас) быў заснаваны ў 1984 г. членамі італьянскай асацыяцыі “Аnfass”, якая аб’ядноўвае сем’і асобаў з цяжкімі формамі разумовай няпоўнаспраўнасці. Яго мэта заключаецца ў стварэнні належных паслуг і структур, якія дапамогуць інвалідам самастойна жыць, калі не змогуць мець побач сваіх бацькоў і блізкіх.