Кардынал Паралін: Езус указвае моладзі шлях да шчасця
Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца напісаў прадмову да кнігі Кармэла Рыгабэла і Франчэска Страдзары “Пакліканне да шчасця. Разважанні для моладзі” (La vocazione alla felicità. Riflessioni per i giovani), якая выйшла на італьянскай мове ў балонскім выдавецтве “Edizioni Dehoniane”.
Іерарх заўважыў, што людзям маладога ўзросту ўласцівы пошук шчасця. “Мы павінны дазволіць, каб нас знайшоў Бог, Які заўсёды прагне нашага дабра і хоча зрабіць нас шчаслівымі. Ёсць шлях, які вядзе да шчасця, і толькі Езус Хрыстус можа даць яго чалавеку”, - падкрэсліў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.
Кардынал Паралін заўважыў, што нават сучасныя сродкі камунікацыі і сацыяльныя сеткі могуць дапамагчы моладзі паставіць Бога на першае месца. Яны могуць быць карыснымі, каб распаўсюджваць евангельскія каштоўнасці і будаваць больш справядлівы свет.
“Дастаткова трываць у сяброўстве з Езусам, дастаткова ісці за Ім, дастаткова сустракацца з Ім у сакрамэнтах Касцёла і нядзельнай Эўхарыстыі, а таксама ва ўсіх братах, якіх спатыкаем на нашым шляху, асабліва ў параненых грахом, хваробай, стомленасцю, у бедных, пакінутых, пакутуючых душой і целам”, - напісаў ён.
Для гэтага важна вучыцца ад Езуса і спаўняць Яго навучанне. “Мы ўсе пакліканы крочыць за Ім, бо хрысціянін – гэта той, хто крочыць за Езусам Хрыстом: кожны згодна з уласным пакліканнем, уласным жыццёвым станам і асабістай сітуацыяй. Дазвольце, каб Божае слова і яго правакуючая сіла абудзілі вас”, - пажадаў кардынал Пьетра Паралін.