Папа заклікаў да згоды адносна Глабальнай дамовы па міграцыі
Францішак спаслаўся на тое, што 20 чэрвеня будзе адзначацца Сусветны дзень бежанцаў, устаноўлены ААН, каб звярнуць увагу на тое, што “з вялікай трывогай і пакутамі”, часта перажываюць “нашы браты, вымушаныя ўцякаць са сваёй зямлі па прычыне канфліктаў і пераследу”.
Пантыфік заўважыў, што сёлета гэта дата супадае з абмеркаваннем праекту Глабальнай дамовы па бяспечнай, упарадкаванай і рэгулюемай міграцыі, якую дзяржавы-члены ААН пастанавілі прыняць да канца 2018 г.
“Маю надзею, што дзяржавы, якія прымаюць удзел у гэтых працэсах, дасягнуць пагаднення, каб забяспечыць – з адказнасцю і чалавечнасцю – падтрымку і дапамогу тым, хто быў вымушаны пакінуць сваю краіну. Таксама і кожны з нас пакліканы да блізкасці з бежанцамі, знайсці моманты для сустрэчы з імі, ацаніць іх уклад, каб яны маглі лепш інтэгравацца ў грамадствы, якія іх прымаюць. У гэтай сустрэчы і гэтай ўзаемнай павазе і падтрымцы знаходзіцца вырашэнне шматлікіх праблем”, - сцвердзіў Святы Айцец.