Нэльсан Мандэла падчас сустрэчы з Янам Паўлам ІІ Нэльсан Мандэла падчас сустрэчы з Янам Паўлам ІІ 

Францішак: шукаць міру па прыкладзе Нэльсана Мандэлы

18 ліпеня 2018 г., у Міжнародны дзень Нэльсана Мандэлы, папа Францішак заклікаў кожнага чалавека да будаўніцтва міру ў любой сферы жыцця.

“Езус запрашае нас разам будаваць цывілізацыю любові ў сітуацыях, якія нам здараецца перажываць штодня”, - напісаў Пантыфік праз свой акаунт у “Twitter”, прысвяціўшы гэтыя словы былому прэзідэнту ПАР, сусветна вядомаму змагару за правы чалавека ў часы апартэіда, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру, які сёння мог бы адзначыць свой соты юбілей.

У сваю чаргу, Джордж Ёханэс, пасол Паўднёваафрыканскай Рэспублікі пры Святым Пасадзе, які быў асабіста знаёмы з Нэльсанам Мандэлай, у інтэрв’ю “Vatican News” падкрэсліў, што “яго спадчына – гэта пацвярджэнне таго, што не мае значэння, наколькі роспачнай ці складанай з’яўляецца сітуацыя: калі ёсць рашучасць і воля, можна размаўляць і дасягаць выніку”.

Пры жыцці лідар у барацьбе супраць рэжыму расавай сегрэгацыі на афрыканскім кантыненце падтрымліваў добрыя стасункі з Святым Пасадам. У перыяд свайго прэзідэнцтва, які доўжыўся з 1994 г. па 1999 г., Мандэла двойчы сустракаўся з Янам Паўлам II. Іх першая сустрэча адбылася ў 1995 г., падчас Апостальскага падарожжа Папы ў Паўднёвую Афрыку. Другая мела месца ў 1998 г., калі Нэльсан Мандэла здзейсніў у адказ афіцыйны візіт у Ватыкан. Знакам іх сяброўства стала прысутнасць афрыканскага змагара за правы чалавека на пахаванні Яна Паўла II у 2005 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 ліпеня 2018, 15:07