Пасяджэнне Савета Бяспекі ААН Пасяджэнне Савета Бяспекі ААН 

Святы Пасад аб прынцыпах эфектыўнага пасярэдніцтва

Добры пасярэднік з’яўляецца бесстароннім і вартым даверу ўсіх бакоў канфлікту, а калі працуе – будуе мірную будучыню, зазначыў пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у адкрытых дэбатах на тэму “Пасярэдніцтва і вырашэнне канфліктаў”, якія 29 жніўня 2018 г. прайшлі ў Савеце Бяспекі ААН.

Іерарх падкрэсліў, што дзякуючы свайму багатаму досведу ўрэгулявання канфліктаў паміж дзяржавамі і народамі, Каталіцкі Касцёл змог вынесці фундаментальны ўрок, які заключаецца ў тым, што неабходна “слухаць ахвяр несправядлівасці і насілля, выкліканых канфліктамі, а таксама быць блізкімі да іх”.

Прыводзячы прыклады паспяховага пасярэдніцтва Апостальскай Сталіцы, ватыканскі дыпламат узгадаў канфлікт паміж Аргентынай і Чылі ў 1978 г. Ён распавёў, што ў крытычны момант, менавіта дзякуючы закліку Яна Паўла ІІ бакі не перарвалі перамоў і змаглі вырашыць спрэчнае пытанне, якое тычылася дзяржаўных межаў краін. Іншыя прыклады: гэта заключэнне міру паміж уладамі і паўстанцамі ў Мазамбіку і, зусім нядаўна, у Калумбіі.

Усе гэтыя сітуацыі паказваюць, што “заўсёды неабходна пакідаць адкрытымі шляхі для пасярэдніцтва, каб вырашаць супярэчнасці і ніколі не адмаўляцца ад працэсу цярплівага дыялога і перамоў дзеля дасягнення справядлівага і годнага рашэння з выкарыстаннем мірных сродкаў, уласцівых цывілізаваным народам”, сказаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Арцыбіскуп Ауса заўважыў, што галоўны прынцып пасярэдніцтва – гэта “культура сустрэчы”, якая аддае перавагу ўзаемнай павазе і разумэнню не толькі ў вырашэнні спрэчных пытанняў, але таксама ў адносінах з іншымі людзьмі, ставячы “няспынную працу на карысць міра і згоды” ў сэрца штодзённга жыцця.

“[Культура сустрэчы патрабуе таго, каб у цэнтры палітычнай, грамадскай і эканамічнай дзейнасці знаходзіўся чалавек, яго высокая годнасць і павага да супольнага дабра]”

дадаў ён.

Іншым ключавым элементам эфектыўнага міжнароднага пасярэдніцтва, паводле дыпламата, з’яўляецца бесстароннасць. Перад абліччам паразаў, “мы павінны спытаць сябе: ці былі бесстароннімі, альтруістычнымі і настойлівымі пасярэднікамі, з якімі бакі канфлікту маглі давяраць адно аднаму?”.

“Надзейны пасярэднік стварае давер, здольнасць аб’ектыўна ідэнтыфікаваць інтарэсы бакоў” і, выходзячы за іх рамкі, можа “падштурхнуць бакі да таго, каб бачылі свае спецыфічныя інтарэсы ў дынаміцы сумеснай працы на карысць агульнай мэтай, якой з’яўляецца дасягненне супольнага дабра”, - сказаў арцыбіскуп Ауса.

“Канфлікты пакідаюць вельмі глыбокія раны, таму ўсеабдымны і заснаваны на адкрытасці працэс пасярэдніцтва і вырашэння спрэчных пытанняў неабходны для шляху аздараўлення і прымірэння, які працягваецца доўга пасля таго як высахлі чарніла”, - сказаў іерарх, маючы на ўвазе падпісанне мірных пагадненняў”.

Добры пасярэднік, працуючы над вырашэннем спрэчных пытанняў, будуе мірную будучыню. Пасярэднікі – гэта будаўнік і прылады міру і трэба быць удзячнымі за каштоўнай служэнне, якое яны аказваюць чалавецтву, падкрэсліў пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

30 жніўня 2018, 15:16