Ватыканскі дыпламат: адукацыя павінна рабіць людзей гуманнымі
Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у канферэнцыі аб ролі навучальных устаноў у вырашэнні міграцыйнага крызісу, арганізаванай у каталіцкім “Manhattan College” ў Нью-Ёрку.
Іерарх працытаваў ліст амерыканскага псіхатэрапеўта яўрэйскага паходжання Хаіма Гінота да выхавальнікаў. Ён казаў, што бачыў газавыя камеры, пабудаваныя інжынерамі; дзяцей, атручаных высокакваліфікаванымі ўрачамі; немаўлят, забітых адукаванымі санітарамі. “Чытанне, пісьмо, арыфметыка з’яўляюцца важнымі толькі тады, калі робяць нашых дзяцей больш гуманнымі”, - нагадаў словы славутага навукоўцы ватыканскі дыпламат.
Арцыбіскуп Ауса спаслаўся таксама на зварот Францішка да Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх універсітэтаў, скіраваны ў лістападзе 2017 г. Папа заклікаў працягваць глыбокае вывучэнне міграцыйнага феномена, спрыяць пашырэнню адукаванасці сярод мігрантаў і душпастырскіх работнікаў, якія працуюць у гэтай сферы, абараняць і падтрымліваць мігрантаў на грамадскім узроўні.
Вышэйшыя навучальныя ўстановы павінны развіваць не толькі “пазнавальныя здольнасці студэнтаў”, але таксама вучыць іх “праўдзе, дабру, прызнанню ўласнай годнасці і годнасці іншых людзей”, дадаў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі.
Перад абліччам драматычнага крызісу ў эканамічнай, палітычнай, экалагічнай і дэмаграфічнай сферах, у той час як індывідуалізм, геданізм і рэлятывізм зводзяць чалавека да “залежнай і апанаванай спажывальніцтвам” істоты, галоўная мэта каталіцкіх універсітэтаў заключаецца ў будаванні “больш справядлівага і гуманнага свету”. Для гэтага патрэбныя “больш гуманныя” выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў, здольныя жыць, вучыцца і дзейнічаць у духу “братэрскага гуманізму”, падкрэсліў Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.