Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі дыпламат: міграцыя – натуральнае права чалавека

Адказ на праблему міграцыі павінен быць глабальным, салідарнымі і без пошуку ўласнай выгады, падкрэсліў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

Ватыканскі дыпламат выступіў на канферэнцыі аб міграцыі, якая была арганізавана Ельскім універсітэтам у ЗША. Ён нагадаў, што Святы Пасад прызнае міграцыю ў якасці права чалавека. Дабраахвотная, бяспечная, упарадкаваная і законная міграцыя спрыяе развіццю і культурнаму абагачэнню, дадаў ён.

Арцыбіскуп Ауса зазначыў, што міграцыя – гэта натуральны адказ чалавека на крызісную сітуацыю. Акрамя таго, яна сведчыць, што кожнай асобе ўласцівы пошук шчасця, свабоды, большых магчымасцей і належных умоў для лепшага жыцця.

Паводле іерарха, Апостальская Сталіца зрабіла важны ўклад на карысць Глабальнай дамовы па міграцыі, распрацаванай ААН і падпісанай 193 краінамі свету. У прыватнасці яна аказала рашучую падтрымку фармуляванню яе 13 пункта, які кажа пра неабходнасць стварэння ўмоў, што дазволяць супольнасцямі і індывідуумам годна і бяспечна жыць ў іх краінах.

У Глабальную дамову была ўключана таксама пазіцыя ватыканскай дыпламатыі, згодна з якой “міграцыя ніколі не павінна быць актам адчаю”. Арцыбіскуп Ауса нагадаў, што Апостальская Сталіца шматразова заклікала паважаць фундаментальныя правы мігрантаў, незалежна ад іх статуса. У адказ на гэтыя заклікі ў Глабальную дамову, у якасці мэты, было ўключана гарантаванне ўсім мігрантам магчымасці рэалізоўваць свае правы праз доступ да першасных паслуг.

“Калі добра кіраваць міграцыяй, мігранты могуць зрабіць станоўчы ўнёсак у эканоміку, грамадскае і культурнае жыццё, а таксама ўзбагаціць грамадства”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН. Ён дадаў, што інтэграцыя мігрантаў не павінна быць асіміляцыяй, якая прыводзіць да забыцця імі сваёй культурнай ідэнтычнасці, але працэсам узаемнага пазнання і ўзаемнай адкрытасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 лістапада 2018, 13:43