Пошук

Кардыныл Пьетра Паралін падчас выступлення Кардыныл Пьетра Паралін падчас выступлення 

Кардынал Дзяржсакратар на міграцыйным саміце ААН

Ніводная краіна не можа вырашыць праблему міграцыі самастойна, заўважыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін на міграцыйным саміце ААН, які 10-11 снежня 2018 г. праходзіць у Маракешы.

На міжурадавым форуме сабраліся высокія прадстаўнікі 160 краін свету. Яны ўхвалілі Глабальную дамову па бяспечнай, упарадкаванай і рэгуляванай міграцыі – дакумент, які павінен умацаваць міжнароднае супрацоўніцтва ў вырашэнні міграцыйнай праблемы. Ратыфікацыя пагаднення павінна адбыцца 19 снежня 2018 г. на Генеральнай Асамблеі ААН.

Кардынал Паралін, які прымае ўдзел у пасяджэнні ў якасці кіраўніка дэлегацыі Святога Пасаду, заўважыў, што міграцыя “заўсёды была натуральным адказам на крызісныя сітуацыі і жаданне мець большыя магчымасці для лепшага жыцця, мець больш свабоды, міру і бяспекі”. Тое, што ў апошнія гады колькасць мігрантаў значна павялічылася, з’яўляецца “сур’ёзным выклікам для краін іх паходжання, транзіту і назначэння”, дадаў ён.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы нагадаў пазіцыю Святога Пасаду, заснаваную на перакананні, “што на велізарныя выклікі, якія ставіць міграцыя, можна адказаць лепш з дапамогай шматбаковых працэсаў, чым праз палітыку ізаляцыянізму”. У гэтым кантэксце ён назваў Глабальную дамову значным крокам наперад.

У той жа час, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі звярнуў увагу міжнароднай супольнасці на праблему “пашырэння ксенафобіі і расізму”, а таксама на права людзей, “годна і бяспечна жыць у сваёй краіне”. Неабходна вырашаць праблемы, якія становяцца прычынай міграцыі, сярод якіх “насілле, нечалавечыя ўмовы жыцця, эканамічныя цяжкасці, прыродныя катаклізмы і забруджванне навакольнага асяроддзя”, а таксама з павагай ставіцца да мігрантаў, нават калі прадугледжваецца іх высылка ў краіны паходжання, падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 снежня 2018, 15:46