Кардынал Дзяржсакратар на міграцыйным саміце ААН
На міжурадавым форуме сабраліся высокія прадстаўнікі 160 краін свету. Яны ўхвалілі Глабальную дамову па бяспечнай, упарадкаванай і рэгуляванай міграцыі – дакумент, які павінен умацаваць міжнароднае супрацоўніцтва ў вырашэнні міграцыйнай праблемы. Ратыфікацыя пагаднення павінна адбыцца 19 снежня 2018 г. на Генеральнай Асамблеі ААН.
Кардынал Паралін, які прымае ўдзел у пасяджэнні ў якасці кіраўніка дэлегацыі Святога Пасаду, заўважыў, што міграцыя “заўсёды была натуральным адказам на крызісныя сітуацыі і жаданне мець большыя магчымасці для лепшага жыцця, мець больш свабоды, міру і бяспекі”. Тое, што ў апошнія гады колькасць мігрантаў значна павялічылася, з’яўляецца “сур’ёзным выклікам для краін іх паходжання, транзіту і назначэння”, дадаў ён.
Бліжэйшы супрацоўнік Папы нагадаў пазіцыю Святога Пасаду, заснаваную на перакананні, “што на велізарныя выклікі, якія ставіць міграцыя, можна адказаць лепш з дапамогай шматбаковых працэсаў, чым праз палітыку ізаляцыянізму”. У гэтым кантэксце ён назваў Глабальную дамову значным крокам наперад.
У той жа час, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі звярнуў увагу міжнароднай супольнасці на праблему “пашырэння ксенафобіі і расізму”, а таксама на права людзей, “годна і бяспечна жыць у сваёй краіне”. Неабходна вырашаць праблемы, якія становяцца прычынай міграцыі, сярод якіх “насілле, нечалавечыя ўмовы жыцця, эканамічныя цяжкасці, прыродныя катаклізмы і забруджванне навакольнага асяроддзя”, а таксама з павагай ставіцца да мігрантаў, нават калі прадугледжваецца іх высылка ў краіны паходжання, падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар.