“Нью-Ёрк Таймс” пра выключнасць візіту Францішка ў Эміраты
У першую чаргу ён згадаў Емен, “гаспадары якога занятыя ў жорсткай вайне”, і заклікаў прызнаць поўныя грамадзянскія правы за рэлігійнымі меншасцямі ў краінах Персідскага заліва.
Газета адзначае, што словы Францішка былі “вельмі шчырымі”, таму што Пантыфікі звычайна не крытыкуюць дзяржаў, якія іх прымаюць і спрабуюць не акцэнтаваць залішняй увагі на тэмах, пра якія кіраўніцтва не хоча чуць. Звычайна ў такіх выпадках Папа кажа больш дыпламатычна перад прыбыццём у краіну або ўжо пасля візіту.
Між тым, падчас свайго першага падарожжа на Аравійскі паўвостраў, “дзе нарадзіўся іслам”, Папа адкрыта выказаўся перад сотнямі лідараў розных рэлігій, падкрэсліваючы неабходнасць спынення насілля “ў імя рэлігіі”. Ён адзначыў асаблівую жорсткасць войнаў у Емене, Сірыі, Іраку і Лівіі. Францішак заклікаў да стварэння грамадства, у якім людзі, што вызнаюць розныя рэлігіі, мелі б аднолькавыя грамадзянскія правы.
Нью-Ёрк Таймс таксама звяртае ўвагу на падпісаную Папам і шэйхам Ахмедам эль Таебам Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі. Падпісанты заклікалі да спынення выкарыстання рэлігіі ў мэтах распальвання нянавісці, насілля, экстрэмізму і сляпога фанатызму, устрымання ад выкарыстання імя Бога для апраўдання забойства, выгнання, прыгнёту і тэрарызму. Дакумент пацвярджае, што рэлігійны плюралізм з’яўляецца воляй Бога, і, такім чынам, ніхто не можа быць прымушаны прыняць тую ці іншую рэлігію, асуджае напады на месцы культу і патрабуе іх абароны. Газета называе Дэкларацыю “свайго роду мірным маніфестам двух рэлігій, чые прыхільнікі на працягу стагоддзяў пралівалі кроў адно аднаго”.